Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

радыёжурналі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Журналіст, які працуе ў сістэме радыёвяшчання.

радыёзо́нд, ‑а, М ‑дзе, м.

Аэралагічная прылада, якая падымаецца ў атмасферу паветраным шарам для вымярэння ціску, тэмпературы і вільготнасці паветра на розных вышынях і адначасова перадае вынікі вымярэнняў з дапамогай радыёхваль.

[Ад слова радыё і фр. sonde — шчуп.]

радыёзо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Зорка, якая з’яўляецца крыніцай радыёвыпрамянення.

радыёінфарма́цыя, ‑і, ж.

Інфармацыя, якая перадаецца па радыё.

радыёкама́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Каманда, якая перадаецца па радыё для кіравання работай аўтаматычных установак і прыбораў.

радыёкамента́тар, ‑а, м.

Спецыяліст, які выступае па радыё з каментарыямі па пытаннях палітыкі, эканомікі, мастацтва, спорту і пад., а таксама той, хто вядзе рэпартаж.

радыёкамітэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.

Установа, якая ведае арганізацыяй радыёвяшчальных перадач. Працаваць у радыёкамітэце. □ Аднымі людзьмі .. [Вера Адамаўна] захаплялася, з другімі сварылася, некаторым, уявіце сабе, нават пісала праз радыёкамітэт і атрымлівала адказы. Ермаловіч.

радыёкампазі́цыя, ‑і, ж.

Кампазіцыя з літаратурных і музычных твораў, складзеная для перадачы па радыё. Радыёкампазіцыя па апавяданнях Янкі Брыля.

радыёкана́л, ‑а, м.

Сукупнасць радыётэхнічных установак, прызначаных для перадачы і прыёму інфармацыі па пэўнай трасе.

радыёканцэ́рт, ‑а, М ‑рце, м.

Канцэрт, які перадаецца па радыё.