Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

збядне́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. збяднець.

збядне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць бедным. Бяднейшы часамі пабагацее, а багаты збяднее, калі надыдзе якое ліха. Колас.

збядні́ць,

гл. збедніць.

збядня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да збедніцца.

2. Зал. да збядняць.

збядня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да збедніць, збядніць.

збяле́лы, ‑ая, ‑ае.

Які збялеў, стаў белым. Поле вымерла, стыў збялелы ад інею лазняк у абочынах. Пташнікаў. На пасцелі ляжаў збялелы, як палатно, чалавек. Новікаў.

збяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць белым; пабялець. Пазняк збялеў. Усе, убачыўшы яго твар, адразу сціхлі. Дуброўскі. То збялее хлопец, як папера, то зальецца чырванню. Ваданосаў.

збянтэ́жанасць, ‑і, ж.

Стан збянтэжаная. Дзед пастараўся прыняць самую пацешную постаць перапалоханага чалавека. Такая перапалоханасць і дзедава збянтэжанасць развесяліла легіянераў. Колас.

збянтэ́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад збянтэжыць.

2. у знач. прым. Разгублены, атарапелы. І дзівіўся замежны збянтэжаны пан: нечуваная сіла ў рабочых, сялян! Дубоўка. // Які выражае разгубленасць, атарапеласць. Збянтэжаны выгляд. Збянтэжаны твар.

збянтэ́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Прыйсці ў замяшанне; разгубіцца, атарапець. Лабановіч трохі збянтэжыўся. Само слова «Ядвіся» балюча адгукнулася ў сэрцы, і назіральны Турсевіч гэта заўважыў. Колас. Каваль, убачыўшы гэтага чалавека ля жорнаў, спачатку на момант збянтэжыўся, збялеў і закалаціўся. Чорны.