перасяля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да перасяліцца.
2. Зал. да перасяляць.
перасяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да перасяліць.
перасячы́ і перасе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. перасек, ‑ла; заг. перасячы; зак., што.
1. Рассячы папалам, на часткі. Перасячы жэрдку сякерай. □ Бізуном бервяна не перасячэш. Прыказка.
2. Перайсці, пераехаць што‑н. упоперак. Перасячы вуліцу. Перасячы экватар. □ З краю ў край Перасек я краіну. Смагаровіч. Выбраўшыся з лесу, партызаны перасеклі вялікае гарыстае поле і зноў апынуліся ў бары. Сіняўскі.
3. Прайсці, пралегчы па паверхні чаго‑н. Чыгунка перасекла вобласць з усходу на захад. / Пра маршчыны, рубцы і пад. Лоб .. [жанчыны] ўздоўж перасекла глыбокая зморшчына, якая неяк адразу змяніла выраз яе ажыўленага твару. Васілевіч. // Размясціцца, прайсці ў папярочным напрамку. Дарогу, па якой ішлі партызаны, павінна была перасекчы гравійная шаша. Краўчанка. Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек .. [хлопцам] дарогу і пачаў адносіць човен убок. Маўр.
4. перан. Перарэзаць, перагарадзіць каму‑, чаму‑н. (дарогу, шлях і пад.). Прыгнуўшыся, Раманчык пабег берагам рачулкі, што ўпадала ў Нёман, каб перасекчы шлях парушальніку. Пальчэўскі. І вось савецкі мірны чалавек Дарогу сухавеям перасек. Астрэйка.
перасячы́ся і перасе́кчыся, ‑сячэцца; пр. перасекся, ‑секлася; зак.
Размясціцца накрыж, скрыжавацца. Арбіты перасекліся. Дарогі перасекліся.
перасячэ́нне, ‑я, н.
Месца, дзе перасякаецца, перакрыжоўваецца што‑н. Пункт перасячэння прамых ліній.
ператамі́цца, ‑тамлюся, ‑томішся, ‑томіцца; зак.
Вельмі ўтаміцца; знясіліцца. Нервы ператаміліся, а мыслі нейк мітусіліся ў галаве і не паддаваліся ніякаму кантролю. Колас.
ператамі́ць, ‑тамлю, ‑томіш, ‑томіць; зак., каго-што.
Вельмі ўтаміць; знясіліць. Ператаміць каня.
ператамле́нне, ‑я, н.
Стан празмерная стомленасці. У мяне бяссонніца, ператамленне. Колас.
ператамля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да ператаміцца.
2. Зал. да ператамляць.
ператамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да ператаміць.