перасо́хлы, ‑ая, ‑ае.
1. Празмерна сухі. Перасохлае сена. Перасохлыя губы. □ На перасохлым дарожным пяску пад дубамі непарушна ляжалі .. чорныя цені. Галавач.
2. Які стаў бязводным. Перасохлая рачулка. Перасохлы лужок.
перасо́хнуць, ‑не; пр. перасох, ‑ла; зак.
1. Стаць сушэй, чым трэба; вельмі высахнуць. Сена перасохла. □ Ад сонца перасохла зямля на полі, патрэскалася і ляжыць голымі камякамі. Галавач. / часцей безас. Пра рот, губы і пад. Губы перасохлі. □ — Ніначка, хадзем дзе пашукаем вады, бо ў роце, у горле перасохла. Пестрак.
2. Стаць бязводным, зусім абмялець. Калодзеж перасох. □ Хутчэй перасохнуць азёры і рэкі, — Чым сэрцы астынуць у шчырай любві. Бялевіч.
пераспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.
1. што. Перабыць які‑н. час у стане сну. Мядзведзі пераспалі зіму ў бярлозе. // і без дап. Пераначаваць, правесці ноч дзе‑н. — Ну вось, пераспім сённяшнюю ноч і заўтра — у дарогу, — нарэшце сказала маці. Ус. [Валодзя:] — Што ж, пойдзем у Дубраўку, пераспім, а заўтра накіруем разведку ў Слабаду. Федасеенка.
2. Разм. Праспаць больш, чым трэба. Ці не выспаўся добра, ці пераспаў трохі? Ваданосаў. // каго. Праспаць даўжэй за каго‑н. Пераспаць усіх.
пераспе́ласць, ‑і, ж.
Стан і якасць пераспелага.
пераспе́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пераспеліць.
пераспе́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
Даць магчымасць стаць вельмі спелым.
пераспе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі спелы. У паветры адчуваўся пах пераспелага рамонку і прэлага жаўталісця. Хведаровіч. На старым вішняку дзе-нідзе чарнелі буйныя пераспелыя ягады. Ігнаценка.
2. перан. Разм. іран. Які выйшаў з гадоў, узросту, уласцівага якому‑н. становішчу. Пераспелая нявеста. □ Пераспелы кавалер, калі Казік Сядзёлка ў свае трыццаць з лішкам год усё яшчэ не дабраў часу наладзіць асабістае жыццё. Машара.
пераспе́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пераспеліць.
пераспе́ць, ‑спею, ‑спееш, ‑спее; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць вельмі спелым. Пераспела і губляе свае пажыўныя якасці кукуруза. «Звязда». Колькі ў іх [Гарохавых] вішань! Чорныя, пераспелыя! Місько.
2. перан. Разм. іран. Выйсці з узросту, уласцівага якому‑н. становішчу. Век дзяўчыны — век кароткі: Пераспееш — што ўдава. А. Александровіч.
пераспрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак.
Тое, што і перапрабаваць.