Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́рсткасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць порсткага. Праз некалькі дзён зноў завылі ваўкі, зноў пажвавеў мой Шарык, бо пасля першага наведвання сваіх засумаваў быў трохі, страціў ранейшую порсткасць. Пальчэўскі.

по́рсткі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Хуткі, жвавы, быстры. Для свайго ўзросту .. [доктар] быў яшчэ даволі порсткі і рухавы. Васілевіч. Аля падхоплівае чамаданы і порсткімі крокамі накіроўваецца ў горад. Пальчэўскі.

2. Запальчывы, быстры. Па характару яны зусім розныя людзі: Мікалай Вітушка спакойны, разважлівы, далікатны, а Міхал Падабед порсткі, гарачы і крыху грубаваты. Гурскі.

порт 1, ‑а, М порце, м.

Спецыяльна прыстасаванае месца для стаянкі, пагрузкі, разгрузкі і рамонту суднаў. Хутка з-за гары, што ўзвышалася на левым беразе над самай вадой, вынырнуў вялікі порт і горад. Шамякін. Я бачыў не раз, як буруны ўставалі І з мора спяшаліся ў порт караблі. Лужанін. // Прыморскі горад з такім спецыяльна прыстасаваным месцам для стаянкі, пагрузкі, разгрузкі і рамонту караблёў. Велізарныя порты, такія, як Адэса і Марыупаль, маюць сувязь з усімі краінамі свету. «Беларусь».

[Фр. port.]

порт 2, ‑у, м.

Льняная або баваўняная тканіна. Кашуля шырокая з порту, Лапці з пяньковых абор, У шапцы салдацкай падзёртай Ходзіць па вёсцы Прахор. Танк.

по́рта, нескл., н.

Спец. Паштова-тэлеграфныя расходы, якія аплачваюцца заказчыкамі, кліентамі.

[Іт. porto.]

по́рта-фра́нка, нескл., н.

Порт, горад або прыморскі раён, у межах якога ўвоз і вываз замежных тавараў робіцца без аплаты пошлін.

[Іт. porto franco — свабодны порт.]

по́рткі, ‑так; адз. няма.

Разм. Тое, што і штаны. Мужык быў зверху апрануты, — кепка, картовая кашуля з зашпіленымі кішэнькамі, шарачковыя порткі, — а знізу — босы. Брыль. Міхась глянуў на свой палаплены паўкажушак, на порткі з даматканага сукна і.. ўздыхнуў. Хведаровіч.

по́ртэр, ‑у, м.

Гатунак моцнага і гаркаватага чорнага піва.

[Англ. porter.]

по́ртэрны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да портэру.

2. у знач. наз. по́ртэрная, ‑ай, ж. Уст. Піўная.

по́руч, прысл.

Побач, поплеч. Старэнькая бабулька, што сядзела поруч з Рыгорам, суцешна паглядала на іх. Гартны. Поруч з яго [Рашчынскага] сталом стаяў стол стыль-рэдактара Івана Курбана. Сабаленка. // Каля (каго‑, чаго‑н.), недалёка, паблізу, блізка. Жанчына палола грады, а Святланка сядзела поруч. Даніленка. На гэту спробу недзе зусім поруч адгукаецца тоненькім голасам другая птушка. Васілевіч.

по́ручні, ‑яў; адз. поручань, ‑чня, м.

1. Прут, брусок на трапах, пры дзвярах вагона і пад., за якія трымаюцца рукамі пры спуску, пад’ёме; парэнчы. Наташа схавалася ў пад’ездзе чужога дома і прытулілася да поручняў на лесвіцы. Гарбук.

2. Апора для рук у крэсле, калясцы і пад. [Андрыяну Цітавічу] нязвычна было ў сваім кабінеце сядзець з боку стала, не на сваім вышліфаваным крэсле з поручнямі. Марціновіч.