Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непрамака́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непрамакальнага. Непрамакальнасць палаткі.

непрамака́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не прапускае або амаль не прапускае вільгаці. Непрамачальнае адзенне. □ Палкоўнік быў у непрамакальным плашчы і танкісцкім шлеме. Шамякін.

непрамы́, ‑ая, ‑ое.

Ускосны. Непрамое дзяленне клетак. Непрамыя выбары.

непраніка́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непранікальнага.

непраніка́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Праз які не пранікаюць вада, газы, гукі і пад. Непранікальная перагародка. // Праз які нельга прайсці, прабрацца. Непранікальны гушчар. □ Цякуць па.. [лясах] нязведаныя ручаіны, скрытна і ўпарта прабіваючыся праз нетры, пад аховаю, — то гонкіх сосен, .. то непранікальных чаротаў. Пестрак. // Праз які нельга ўбачыць што‑н. На вуліцы было цёмна. Непранікальная заслона снегу, дзе ўсё мітусілася, рухалася, хадзіла ходырам, бы ў нейкім тлумным дзікім танцы. Колас. Вакол стаяла непранікальная, непраглядная .. сцяна дажджу. Караткевіч.

2. перан. Які хавае ад іншых свае намеры, думкі, пачуцці; скрытны. Шырокія бровы [Агея Міхайлавіча] былі ссунуты, выраз твару непранікальны, і Венька не мог зразумець, да чаго адносіцца заўвага настаўніка... Шыловіч. Непранікальныя вочы .. [Зіны] утаропіліся некуды ў адну кропку і, здавалася, нічога і нікога не заўважаюць вакол. Васілёнак.

непранікнёны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і непранікальны (у 2 знач.). Варанаў стаяў ужо на нагах — афіцыйны, сухі, непранікнёны, як у панцыры, — і камячыў шапку. Шамякін.

непрапарцыяна́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непрапарцыянальнага. Непрапарцыянальнасць размеркавання сродкаў.

непрапарцыяна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае правільных прапорцый. Непрапарцыянальны склад цела.

2. Які не адпавядае чаму‑н. (у якасных адносінах). Непрапарцыянальнае развіццё эканомікі.

непрапі́саны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае прапіскі дзе‑н. — Бачыш, усё-такі нешта пранюхалі. Толькі невядома, каго.. [следчы і паліцэйскія] шукалі: Жадзейку ці непрапісанага Сяргея? — з пытаннем да ўсіх звярнулася Эма. Машара.

непрасо́хлы, ‑ая, ‑ае.

Які не поўнасцю высах; вільготны. Рыдлёўка была вельмі цяжкая. Відаць, наліпла зямля, сырая, непрасохлая гліна. Лынькоў.