Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перасе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і перасядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. Прасядзець, прабыць дзе‑н. даўжэй, чым трэба. // Сапсавацца ад доўгага сядзення (у печы і пад.). Хлеб пераседзеў і адпёкся.

2. каго. Прасядзець, пасядзець даўжэй за каго‑н. Неяк, пераседзеўшы ў бібліятэцы ўсіх, нават самых старанных да вучэння, мы спускалася з Трусам па сходах. Лужанін. [Андрэй] бачыць, як яна ходзіць па лазні, нават не сагнецца — Верна не баіцца духу, пераседзела б на палку любога мужчыну з вёскі. Пташнікаў. Закаханых перасядзець было нельга: яны не развітваліся да світання. Навуменка.

3. што і без дап. Праседзець, прабыць дзе‑н. некаторы час, чакаючы канца чаго‑н. Пераседзець ноч каля агню. Пераседзець дождж у хаце. □ Бацька пераседзеў недзе ў людзей вечар. Чорны. — Труслівага смерць і на печы знойдзе, — адрэзаў Сымон Балатніцкі. — У кустах не пераседзіш. Гурскі. [Дзед Мікалай] расказваў, што перасядзеў у Махавым усю страляніну, пакуль нашы не прыйшлі. Сяркоў.

4. што. Адседзець да здранцвення. Пераседзець нагу.

перасе́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перасейваць.

перасе́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перасеяць.

перасе́к, ‑у, м.

Разм. Месца, дзе перасякаецца што‑н.; перасячэнне, перакрыжаванне. На перасеку .. вуліц, каля саменькай школы, стаяў высачэзны крыж. Колас.

перасе́кчы,

гл. перасячы.

перасе́кчыся,

гл. перасячыся.

перасе́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перасяліць.

перасе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які перасядае, перарываецца ў горле. — Мы, Даша, пагаварылі тут... — пераселым голасам сказаў .. [Загурспі]. — Дакуль жа цягнуць. Асіпенка.

перасе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. перасеў, ‑села; заг. перасядзь; зак.

1. Устаўшы з аднаго месца, сесці на другое. [Клара] гулка бахнула вечкамі парты, устала і папрасіла ў Веры Іванаўны, класнага кіраўніка, дазволіць ёй перасесці на другую парту. Б. Стральцоў. Ганна Сцяпанаўна перасела на мяккае крэсла, адкуль было зручней глядзець. Шыцік.

2. Перайсці з аднаго транспарту на другі, каб ехаць далей. Перасесці з цягніка на самалёт. □ Дзесьці па дарозе да Масквы, на адной з невялікіх станцый, я павінен буду выйсці з цягніка, перасесці ў глыбокія сялянскія мажары і ехаць у Віхораўскі калгас. Галавач. // Перайсці на іншую работу, памяняць месца работы. З калгаснага трактара к таму часу перасеў [Анкуда] на тралёвачнік. Карамазаў.

3. Засесці (у горле і пад.). Бульба ў горле перасела.

перасе́ў, ‑севу, м.

Дзеянне паводле дзеясл. перасяваць — перасеяць (у 1 знач.).