пераста́рак, ‑рка, м.
Разм.
1. Той, хто стаў старым для чаго‑н.; які перасягнуў мяжу адпаведнага ўзросту. «Вывучуся яшчэ. Не перастарак, маё ад мяне не ўцячэ. Вернецца Барыс, тады тое будзе», — падахвочвала часам бацьку і сябе дзяўчына. Пальчэўскі.
2. Старая дзеўка. [Антаніна] была перастарак, даўно заседзелася ў дзеўках і хоць добры мела пасаг, ніхто не квапіўся на яе багацце. С. Александровіч.
перастара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Паказаць празмерную стараннасць у чым‑н., залішне пастарацца. І Анюта перастаралася. Карычневы пухір вырас значна большы, чым ён вырастаў кожны раз, калі яго надзімалі раней. А гэта прывяло да бяды — цацка лопнула. Корбан. [Цімохін:] — А капец той сам старшыня завяршаў .. Прыбег на поле, схапіў рыдлёўку і засыпаў капец зямлёй. Ды, відаць, перастараўся, зашмат зямлі накінуў. Асіпенка.
пераста́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Тое, што і перастарак (у 2 знач.). Ніна яшчэ не перастарка. Знойдзе сабе хлопца! Кухараў.
перастарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі стары. / у знач. наз. Пасля работы ішоў [Апанас] з партфелем да перастарэлых чытаць газеты. «Вожык».
2. Які перасягнуў мяжу адпаведнага ўзросту. А потым прыйшлі дзяўчаты: тая перастарэлая незамужняя дзяўчына з груба-смелымі жэстамі і другая, дробненькая, у чорнай сукенцы. Адамчык.
пераста́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пераставіць.
перастаўля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да перастаўляць.
перастаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да пераставіць (у 1–3 знач.).
•••
Ледзь ногі перастаўляць — тое, што і ледзь ногі цягнуць (гл. цягнуць).
перастаўны́, ‑ая, ‑ое.
Які можна перастаўляць. Перастаўны кран.
пераста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак., звычайна з інф.
Спыніць якое‑н. дзеянне, выйсці з якога‑н. стану. Аркестр перастаў іграць, і пары пачалі выходзіць у парк. Скрыпка. Спіць хлопчык, як забіты, і кашляць перастаў. Гарэцкі. Камунізм перастаў быць толькі навуковай тэорыяй, ён выйшаў на прасторы рэвалюцыйнай практыкі. «Звязда». // Спыніцца, кончыцца (пра дождж, снег, вецер). Дождж перастаў на світанні, і хлопцы зараз жа пачалі рыхтавацца ў дарогу. Маўр.
перастая́лы, ‑ая, ‑ае.
Які сапсаваўся, якасна змяніўся ад доўгага стаяння. А вакол былі мокрыя лугі з высокай, перастаялай травой. Караткевіч. Зямля набрыняла вадой, разбухла, як перастаялае цеста. Асіпенка.