Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

злы, ‑ая, ‑ое.

1. Поўны пачуцця злосці, варожасці, нядобразычлівасці; злосны. Злы чалавек. □ [Галя з мужам] злую мачыху з яе дачкою больш да сябе і на парог не пускалі. Якімовіч. // Які выражае злосць. Злыя вочы. □ Увесь натоўп, што сабраўся тут, праводзіў.. жанчыну зняважлівымі, злымі позіркамі. Няхай. // Сярдзіты на каго‑н. Злы на ўсіх і на самога сябе за такі зварот справы, Васіль увесь тыдзень працягаўся .. нудны і маркотны. Гартны. // Прасякнуты злосцю, нядобразычлівасцю. Іван здагадаўся аб яго злых намерах. Ваданосаў.

2. Сярдзіты, куслівы, злосны (пра жывёл). Злы сабака.

3. Які прычыняе, тоіць у сабе зло. Смерць дзяцей, хвароба злая Тут знайшлі прытульны кут. Колас.

4. Суровы, цяжкі. Злая гадзіна. Злая доля. □ Думкі пра сына былі цяпер адзіным апірышчам .. [Антонавай] душы, у гэты злы і брыдкі час яго жыцця. Чорны.

5. Ужываецца для абазначэння вышэйшай ступені якой‑н. якасці, дзеяння, стану і пад., выражанага назоўнікам. Злы мароз. □ Абветраны злымі вятрамі.., бурат.. аб’язджае незлічоную атару і цягне бясконцую стэпавую песню. Корбан. // Вельмі напружаны, інтэнсіўны. Не знайшлі таго акопа, Дзе я ляжаў пад злым агнём. Прыходзька.

•••

Злы геній гл. геній.

Злы дух гл. дух.

Злыя языкі гл. язык.

злы́беда, ‑ы, ДМ ‑дзе; Р мн. злыбед; ж.

Разм. Бяда, ліха. Ігналя.. стараўся прыпамінаць, якую гэта асабістую непрыемнасць ён у мінулы дзень перажыў, якую злыбеду, што вось душыць яго і цяпер. Бядуля.

злы́га́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад злыгаць.

злыга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Звязацца, зблізіцца. [Сцяпан] злыгаўся з нейкім вярбоўшчыкам і .. махнуў аж у Карэлію. Скрыган.

злыга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Злучыць, звязаць. [Стаеннікаў] прыемна было злыгаць і правесці па дарозе між ільноў і аўсоў. Ракітны.

злы́гванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. злыгваць — злыгаць.

злы́гвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да злыгацца.

2. Зал. да злыгваць.

злы́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да злыгаць.

злы́дзень, ‑дня, м.

Разм.

1. Шкодны чалавек; ліхадзей. Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі — Любі сваю ніву, свой край. Купала. Дарога прывід іх змяла, Забрала чарапы жарства: Ты злыдняў шмат перамагла, Непераможная Масква. Калачынскі.

2. толькі мн. (злы́дні, ‑яў). Нягоды, бяда. Як уваляцца злыдні, то не на тры дні. Прымаўка.

злысе́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Зусім лысы; аблыселы. Злыселая галава.