збузава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.
Разм. Падраць, патрапаць што‑н., не шкадуючы. Збузаваць сукенку. □ [Маці:] — Глянь лепей, як ты штаны за тыдзень збузаваў. Грошай на аднаго цябе не набрацца. Васілевіч. // Наогул сапсаваць, знішчыць што‑н. нядбайным абыходжаннем. Ніхто яго [пагранічны лес].. не стопча, нічыя сякера тут нават не цюкне. Хіба от толькі што збузавалі кавалачак маладняку на кантрольнай паласе. Сабаленка.
збунтава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Змяшацца, пераблытацца. Думкі ў галаве збунтаваліся. Гульня збунтавалася.
2. Падняць бунт; узбунтавацца. У гміне павінен спешна адбыцца суд над сялянамі, больш чым над палавінай вёскі, якія збунтаваліся і не пайшлі да пана на работу. Чарот.
збунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
Разм.
1. Змяшаць, пераблытаць што‑н. — [Птушкі] на момант збунтавалі строй і закружыліся на адным месцы. Ляўданскі. — Эх, Толя, Толя! Як ты ўсё збунтаваў, пераблытаў! Як быццам я тады, на возе сена, не так сабе, а прадчуваючы нешта, успамінаў цябе. Брыль.
2. Падняць на бунт; узбунтаваць. Збунтаваць народ.
збуцве́лы, ‑ая, ‑ае.
Які збуцвеў; сапрэлы, струхлелы, спарахнелы. Саламяныя стрэхі, крытыя шмат гадоў назад, асунуліся, паразлазіліся, паказвалі свае збуцвелыя рэбры і цёмныя правалы. Колас. Воддаль .. нахіліўся да зямлі зложаны .. даўнішні збуцвелы крыж, парахня-парахнёй. Пташнікаў.
збуцве́ць, ‑ее; зак.
Гніючы, ператварыцца ў парахню; сапрэць, струхлець. Зробленыя з альховых ці бярозавых плашак, .. [буданы] за тры гады збуцвелі, зараслі крапівай і хмызняком. Шчарбатаў.
збуя́лы, ‑ая, ‑ае.
Які збуяў, пышна разросся (пра расліны). За высокім, месцамі, пэўна, збуялым каліўем бульбы з вуліцы амаль не відна тая лазенька, у якой перажыў акупацыю стары Банэдык. Кулакоўскі.
збуя́ць, ‑яе; зак.
Пышна разрасціся націннем на шкоду плоданашэнню. Збуяла бульба. Гарох збуяў. □ Здаецца, калі глядзіш на гэты пагорак сярод балота, то і зямля — плямамі: то блакітная — дзе дурніцы, то чырвона-белая — гэта дзе збуяў і разросся бруснічнік. Пташнікаў.
збыва́цца 1, ‑аецца.
Незак. да збыцца.
збыва́цца 2, ‑аецца; незак.
Зал. да збываць.
збыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да збыць.
збыт, ‑у, М збыце, м.
Продаж гатовай прадукцыі. Рынак збыту. Збыт тавараў.
•••
Мець (знаходзіць) збыт гл. мець.