Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шавялі́цца, ‑вялю́ся, ‑ве́лішся, ‑ве́ліцца; незак.

1. Злёгку варушыцца, прыходзіць у рух пад уздзеяннем чаго‑н. Лісты дрэў ледзь шавеляцца і ціха шапацяць, хоць ветру зусім няма. Мыслівец. // Рабіць рухі, варушыць якімі‑н. часткамі цела. Параска стаяла тварам да сцяны, абапёршыся рукамі, і не шавялілася. Лобан. Чуллівыя тоўстыя губы хваравіта шавяліліся пад пушыстымі чорнымі вусамі. Паслядовіч.

2. Мітусліва перасоўвацца, знаходзіцца ў хаатычным руху. [Лёнька:] — Мы толькі слухалі, як .. [пчолы] шавеляцца і гудуць. Васілевіч.

3. перан. Праяўляць актыўнасць, ажыўляцца. Народ шавеліцца.

4. перан. З’яўляцца, узнікаць (пра думкі, пачуцці і пад.). Нейкі адказ на гэта пытанне як бы недзе шавяліўся ў Юзікавай галаве. Крапіва.

5. заг. шавялі́ся (шавялі́цеся). Разм. Ужываецца як прымус, пануканне да дзеяння ў значэнні: рабі (рабіце) што‑н. хутчэй, спяшайся (спяшайцеся), варушыся (варушыцеся). Хутчэй шавяліся!

шавялі́ць, ‑вялю, ‑веліш, ‑валіць; незак.

1. каго-што. Злёгку прыводзіць у рух, кратаць што‑н. Вецер шавяліў пажоўклае лісце на дубах, і яно ледзь чутна шалясцела. Чарнышэвіч. Па-над полем плавае лёгкі цёплы вецер і шавеліць на галаве ў дзеда густыя пасярэбраныя валасы. Галавач. // перан. Прымушаць да дзейнасці, працы, выводзіць са стану вяласці, абыякавасці да акаляючага; узбуджаць.

2. чым. Злёгку рухаць чым‑н. Зося лёгка разбірала знаёмы почырк і ледзь шавяліла губамі. Крапіва. Счапіўшы ў рукавах рукі, Фішар дрыжаў, шавяліў плячыма, тупацеў нагамі. Быкаў.

•••

Шавяліць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

шавяльну́цца, ‑вяльнуся, ‑вяльнешся, ‑вяльнецца; ‑вяльнёмся, ‑вельняцеся; зак.

Аднакр. да шавяліцца.

шавяльну́ць, ‑вяльну, ‑вяльнеш, ‑вяльне; ‑вяльнём, ‑вельняце; зак.

Аднакр. да шавяліць.

шавялю́ра, ‑ы, ж.

Валасы на галаве (звычайна ў мужчыны, пышныя, густыя). Вусы і бараду стрыг [Марцін] на французскі манер, шавялюра ў яго была раскошная. Чарнышэвіч. На вуліцы, насупраць акна, прыпыніўся цыбаты юнак з густой шавялюрай — Лёня. Гроднеў.

[Фр. chevelure.]