шавялі́ць, ‑вялю, ‑веліш, ‑валіць; незак.

1. каго-што. Злёгку прыводзіць у рух, кратаць што‑н. Вецер шавяліў пажоўклае лісце на дубах, і яно ледзь чутна шалясцела. Чарнышэвіч. Па-над полем плавае лёгкі цёплы вецер і шавеліць на галаве ў дзеда густыя пасярэбраныя валасы. Галавач. // перан. Прымушаць да дзейнасці, працы, выводзіць са стану вяласці, абыякавасці да акаляючага; узбуджаць.

2. чым. Злёгку рухаць чым‑н. Зося лёгка разбірала знаёмы почырк і ледзь шавяліла губамі. Крапіва. Счапіўшы ў рукавах рукі, Фішар дрыжаў, шавяліў плячыма, тупацеў нагамі. Быкаў.

•••

Шавяліць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)