Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цыганчу́к, ‑а, м.

1. Хлопец або падлетак цыганскага паходжання.

2. Смуглы, падобны на цыгана. Іван — вясёлы. Дый прыгожы, як цыганчук які, кучаравы і чарнавокі. Брыль.

цыга́нчын, ‑а.

Разм. Які належыць цыганцы ​1. Цыганчыны дзеці. Цыганчына хустка.

цыга́ншчына, ‑ы, ж.

Разм.

1. Стыль рускіх рамансаў і іх выканання, створаны пад уплывам цыганскіх мелодый і цыганскай манеры выканання.

2. Песні, рамансы такога стылю.

цыганы́, ‑оў; адз. цыган, ‑а, м.; цыганка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. цыганкі, ‑нак; ж.

Народнасць індыйскага паходжання, якая жыве часцей за ўсё качавымі і паўкачавымі групамі ў Еўропе, Азіі і Афрыцы. Цэлымі табарамі, у вялікіх палатняных будках, праязджалі чорныя, асмаленыя сонцам цыганы. Каваль.

цыга́ра, ‑ы, ж.

Туга скручанае ў трубачку для курэння тытунёвае лісце. Выгладжаны і прылізаны, важна сядзіць.. [Скірмунт] у сваім пышным кабінеце за багатым сталом, курыць дарагія цыгары. Колас. Аканом выскачыў куляю з пакояў, а пан закурыў цыгару, сеў у крэсла і пачаў думаць... Чарот.

[Фр. cigare, ням. Zigarre.]

цыгарападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які па форме і выгляду нагадвае цыгару. Непадалёк ад уваходу.. ляжала вялізнае, цыгарападобнае цела ракеты. Гамолка.

цыга́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Самаробная папяроса, самакрутка. Марцін выцягнуў з кішэні вышыты капшук, скруціў цыгарку. Мележ. Юрка скручваў цыгарку, насмешліва папракаў прыяцеля. Лынькоў.

цыга́рнік, ‑а, м.

Рабочы, які працуе на тытунёвай фабрыцы; спецыяліст па вырабу цыгар.

цыга́рніца, ‑ы, ж.

1. Жан. да цыгарнік.

2. Каробка для цыгар.

цыга́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цыгары. Цыгарны дым. // Прызначаны для вырабу цыгар і іх захавання. Цыгарны цэх. □ [Шавец] узяў цыгары, пайшоў у свой закутак і там пачаў крышыць іх, змешваць цыгарны тытунь з дробным цыгарэтным. Асіпенка.