цыбу́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае цыбуліну (у 1 знач.), развіваецца з цыбуліны (у 1 знач.). Цыбульныя расліны.
2. Які мае адносіны да цыбулі (у 2 знач.). Цыбульны смак. □ Дзямід Сыч, сербануўшы пару лыжак цыбульнай мешаніны, адхінуўся ад стала. Паслядовіч.
3. у знач. наз. цыбу́льныя, ‑ых. Расліны сямейства лілейных і амарылісавых, у якіх развіваюцца цыбуліны.
цыбу́ля, ‑і, ж.
1. Агароднінная расліна сямейства лілейных з ядомымі цыбулінай і трубчастымі лістамі. Рэпчатая цыбуля. □ Была б добрая вясна, дык ужо ў такі час вырасла б цыбуля ў агародзе, шчаўе на лузе. Колас.
2. зб. Ядомыя трубчастыя лісты або галоўкі гэтай расліны. [Гануля] ішла з гарода і несла ў кошыку маладзенькую радыску, салату і яшчэ кволае пер’е цыбулі. Чарнышэвіч. [Чалавек:] — Магу даць пляцёнку цыбулі або вясельца сушаных грыбоў. Кулакоўскі.
3. Назва некаторых травяністых цыбульных раслін сямейства лілейных. Цыбуля мядзведжая. Цыбуля заячая.
[Ад ням. Zwiebel.]
цыбу́р, ‑а, м.
Разм. Сцябло, звычайна тоўстае, пругкае. Пералезшы плот, Лабановіч ідзе школьным агародам, дзе тырчаць яшчэ цыбуры сланечнікаў. Колас.