Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цыбу́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае цыбуліну (у 1 знач.), развіваецца з цыбуліны (у 1 знач.). Цыбульныя расліны.

2. Які мае адносіны да цыбулі (у 2 знач.). Цыбульны смак. □ Дзямід Сыч, сербануўшы пару лыжак цыбульнай мешаніны, адхінуўся ад стала. Паслядовіч.

3. у знач. наз. цыбу́льныя, ‑ых. Расліны сямейства лілейных і амарылісавых, у якіх развіваюцца цыбуліны.

цыбу́ля, ‑і, ж.

1. Агароднінная расліна сямейства лілейных з ядомымі цыбулінай і трубчастымі лістамі. Рэпчатая цыбуля. □ Была б добрая вясна, дык ужо ў такі час вырасла б цыбуля ў агародзе, шчаўе на лузе. Колас.

2. зб. Ядомыя трубчастыя лісты або галоўкі гэтай расліны. [Гануля] ішла з гарода і несла ў кошыку маладзенькую радыску, салату і яшчэ кволае пер’е цыбулі. Чарнышэвіч. [Чалавек:] — Магу даць пляцёнку цыбулі або вясельца сушаных грыбоў. Кулакоўскі.

3. Назва некаторых травяністых цыбульных раслін сямейства лілейных. Цыбуля мядзведжая. Цыбуля заячая.

[Ад ням. Zwiebel.]

цыбу́р, ‑а, м.

Разм. Сцябло, звычайна тоўстае, пругкае. Пералезшы плот, Лабановіч ідзе школьным агародам, дзе тырчаць яшчэ цыбуры сланечнікаў. Колас.

цывілізава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць цывілізаванага. Цывілізаванасць грамадства.

цывілізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад цывілізаваць.

2. у знач. прым. Далучаны да цывілізацыі; які адказвае патрабаванням цывілізацыі; культурны, адукаваны. Цывілізаваныя народы. □ 10 лютага 1937 года ўвесь цывілізаваны свет адзначаў 100‑годдзе з дня смерці Пушкіна. У. Калеснік. [Жонка:] — Усяму цывілізаванаму свету вядома, што маленькая кропля нікаціну забівае нават каня. Паслядовіч.

цывілізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.

Стаць (станавіцца) цывілізаваным.

цывілізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Зрабіць (рабіць) цывілізаваным; далучыць (далучаць) да цывілізацыі. Цывілізаваць адсталыя плямёны.

цывіліза́тар, ‑а, м.

Звычайна іран. Носьбіт культуры, цывілізацыі. Заўжды крычыць каланізатар, Што ён цывілізатар. Корбан.

цывіліза́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Звычайна іран. Які мае адносіны да цывілізатара, цывілізатараў. Каланізатарам было выгадна аб’явіць афрыканцаў «варварамі», каб абгрунтаваць сваю «цывілізатарскую» місію. «ЛіМ».

цывіліза́цыя, ‑і, ж.

1. Узровень грамадскага развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры, дасягнуты якой‑н. грамадскай фармацыяй. Антычная цывілізацыя. Сучасная цывілізацыя. □ [Касовіч] хацеў адшукаць вытокі элінскай цывілізацыі. «Маладосць».

2. Культура, прагрэс, асвета. Кожны чацвёрты жыхар .. [Беларусі] заплаціў сваім жыццём за нашу перамогу [у Вялікай Айчыннай вайне], за выратаванне цывілізацыі. Бугаёў.

3. Спец. Ступень грамадскага развіцця, наступная пасля варварства.

[Ад лац. civilis — грамадзянскі.]