таваразна́ўства, ‑а, н.
Сукупнасць ведаў пра тавар як прадмет гандлю, пра яго ўласцівасці, гатункі і спажывецкае значэнне.
таваразна́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да таваразнаўства, таваразнаўца. Таваразнаўчыя кадры.
тавараправо́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да руху тавараў ад вытворцы да спажыўца. Тавараправодны апарат. Тавараправодная сетка.
тава́рнасць, ‑і, ж.
Спец.
1. Уласцівасць таварнага (у 2 знач.); адпаведная якасць, што робіць прадметы, прадукты, матэрыялы прыдатнымі для продажу. Таварнасць лесу.
2. Здольнасць вырабляць прадукцыю для продажу, на рынак.
тава́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тавару (у 1, 2 знач.). Таварны склад. Таварныя запасы. // Прызначаны для перавозкі тавараў. Таварны вагон. Таварная станцыя. □ Паўз акно з лязгам і скрогатам марудна поўз таварны састаў. Мележ. На станцыю Полацк кожны дзень прыбывалі таварныя саставы з кароткім адрасам: «Нафтабуд». Грахоўскі.
2. Які з’яўляецца таварам (у 1, 2 знач.), прызначаны для гандлю. Таварнае збожжа. Таварны лес.
•••
Таварная вытворчасць — форма грамадскай вытворчасці, пры якой прадукты вырабляюцца для абмену.
Таварны фетышызм гл. фетышызм.
таварня́к, ‑а, м.
Разм. Таварны поезд. У тую ж ноч невядомыя разабралі рэйкі на чыгунцы недалёка ад горада, і вялікі састаў таварняка шугануў пад адкос. Мікуліч.
тавары́скасць, ‑і, ж.
Уласцівасць таварыскага. Андрыян і сам не ведае, з якога моманту пачалося пачуццё, дзе тая мяжа паміж таварыскасцю і каханнем. Марціновіч.
тавары́скі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да таварыша (у 1, 2 знач.). Мы шчаслівыя жыць,.. штодзённа адчуваючы дабратворную цеплыню і натхняючую сілу бескарыслівай узаемадапамогі і таварыскай падтрымкі. Машэраў.
2. Уласцівы таварышу, таварышам; шчыры, сяброўскі. Тое, што за звычайнымі таварыскімі словамі таілася і нарастала больш глыбокае пачуццё, Паходня разумеў, але недастаткова ўяўляў, як іх адносіны могуць развівацца далей. Хадкевіч. Да позняй ночы ішла ля кастра таварыская гутарка. Лынькоў.
3. Кампанейскі, які лёгка ўступае ў кантакты з другімі; згаворлівы. [Самуйлёнак] быў вельмі таварыскім і ўважлівым да людзей, у якіх прыкмячаў здольнасці і працавітасць. Хведаровіч. І сапраўды, ён [мінамётчык] усім спадабаўся: шчыры, няхітры, таварыскі. Грамовіч.
4. Які не мае афіцыяльнага характару (пра спартыўныя спаборніцтвы). Таварыская сустрэча хакейных каманд.
•••
Таварыскі суд гл. суд.
тавары́ства, ‑а, н.
1. Таварыскія адносіны, таварыскасць; блізкасць, заснаваная на такіх адносінах. Прайшоўшы дарогаю мужных, Пазнаўшы і радасць і сум, Цану таварыству і дружбе Я ў сэрцы трывалым нясу. Звонак. Перамогі герояў .. прасякнуты пафасам услаўлення ідэі таварыства. «Полымя».
2. зб. Разм. Група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, заняткам і пад. У канцы вуліцы ўжо і сапраўды сабралася амаль усё Ганьчына таварыства: Грышка Адамаў, Пецька Бурбалка, Анютка Корбутава, Маня. Васілевіч. У мінулую восень, калі ўсё іх крыху старэйшае таварыства ўпершыню падалося ў школу, гэтыя дзеці таксама не хацелі адставаць. Кулакоўскі.
3. Арганізацыя (вытворчая, гандлёвая і пад.), у якую ўваходзяць раўнапраўныя ўдзельнікі. Крэдытнае таварыства. Акцыянернае таварыства. □ Гандлёвае таварыства ці, як у статут было ўпісана, «кааператыў», шырылася вельмі ўдала. Чорны. У Беларусі ... пачалі стварацца культурна-асветніцкія саюзы, выдавецкія таварыствы, бібліятэкі і чытальні. Івашын.
•••
Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (Чырвоны Крыж) — арганізацыя для аказання дапамогі насельніцтву, пацярпеўшаму ў вайну і ад стыхійнага няшчасця.