сыраві́на, ‑ы, ж.
Матэрыял, прызначаны для далейшай прамысловай апрацоўкі і атрымання гатовых вырабаў. Сельскагаспадарчая сыравіна. Сыравіна для тэкстыльнай прамысловасці. □ [Віктар Мікалаевіч:] — Калійная соль, што мы выдаём з шахты, — гэта сыравіна, якую яшчэ трэба перапрацоўваць. Чаркасаў. // перан. Разм. Пра што‑н., не апрацаванае як след, тое, што з’яўляецца накідам для чаго‑н. А блакнот .. [Гната] быў заўсёды гусцей, як у каго іншага, нашпігаваны сыравінай для карэспандэнцый, замалёвак, інфармацыі... Карамазаў.
•••
Стратэгічная сыравіна — матэрыялы, якія адпавядаюць мэтам стратэгіі, неабходныя для ваенных мэт.
сыраві́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сыравіны, з’яўляецца сыравінай. Сыравінныя рэсурсы. // Які забяспечвае сыравінай, дае сыравіну. Сыравінны раён. Сыравінная зона.
сырадо́й, ‑ю, м.
Толькі што надоенае, яшчэ неастылае малако. [Гарбач:] — Будзем піць малако. Толькі што з-пад каровы... Свежы сырадой. Мурашка. Як заўсёды, на золку [маці] даіла карову, працэджвала малако, налівала нам сырадою. Кухараў.
сыраду́тны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Звязаны з даўнейшай тэхналогіяй атрымання жалеза непасрэдна з руды шляхам аднаўлення яго вугляродам. Сырадутны працэс. // Прызначаны для атрымання жалеза такім спосабам. Сырадутная печ.
сырадэ́левы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сырадэлі. Сырадэлевая плантацыя.
сырадэ́ля, ‑і, ж.
Аднагадовая кармавая расліна сямейства бабовых. Бацька век зжыў на гаспадарцы, а ён — вучыць: сырадэлю сей, буракі на полі садзі. Крапіва.
[Ісп. serradella.]
сырае́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Ядомы грыб з пласціністай крохкай яркаафарбаванай шапкай. Лес вялікі, грыбоў — хоць касой касі: на імшарынах — махавікі, як жоўтыя сонцы, у ельніку-асінніку — акуратныя ваўнянкі і сыраежкі. Лось.
сыраква́ша, ‑ы, ж.
Густое кіслае малако. [Цешча] прынесла драчоны, пузаты трохлітровы гарлач і старанна сабрала з яго ўвесь вяршок, аж да сіняватай сыраквашы. Б. Стральцоў.
сырамало́т, ‑у, М ‑лоце, м.
Абмалот збожжа адразу пасля сушкі ў полі, без прасушвання ў сушні, гумне.
сырамало́тны, ‑ая, ‑ае.
Вымалачаны адразу пасля сушкі ў полі (пра збожжа).