Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

серавадаро́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Злучэнне серы з вадародам — газ, які ўтвараецца пры гніенні бялковых рэчываў і мае рэзкі непрыемны пах тухлых яец.

серавадаро́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да серавадароду, які ўтрымлівае ў сабе серавадарод. Серавадародная крыніца. Серавадародныя вапны.

серавугляро́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Злучэнне серы з вугляродам — бясколерная, лёгкая на загаранне ядавітая вадкасць з непрыемным пахам.

серавугляро́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да серавугляроду.

серада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. се́рады (з ліч. 2, 3, 4 серады́), се́рад; ж.

Трэці (пасля нядзелі) дзень тыдня. У суботу дырэктар нечакана паведаміў, што канікулы пачнуцца не з серады, а з гэтай нядзелі. Мурашка.

серадня́к, ‑а, м.

1. Селянін-аднаасобнік, які мае невялікі зямельны ўчастак і апрацоўвае яго сваімі асабістымі сіламі, па свайму маёмаснаму становішчу знаходзіцца паміж бедняком і кулаком. Атрымаўшы зямлю, дапамогу, .. [Ларывон і Паліна] выбіліся з беднякоў у сераднякі. Шамякін.

2. Чалавек сярэдніх здольнасцей, які нічым асабліва не вызначаецца.

серадня́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да серадняка, складаецца з сераднякоў. Да калгаса бацька меў серадняцкую гаспадарку. Дуброўскі. [Брыль:] — Сіла і моц нашай дзяржавы трымаецца на саюзе рабочага класа з працоўнай сялянскай, батрацкай і серадняцкай масай. Колас.

серадня́цтва, ‑а, н., зб.

Сераднякі, серадняцкае сялянства. Я разумеў: што бедната і асноўная мяса серадняцтва сталі на шлях калектывізацыі. Галавач.

серадня́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да серадняк.

серадо́льшы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Сярэдні (сын, дачка, дзіця) у сям’і па ўзросту. [Маціхвейчык:] — Цяпер у мяне ў хаце толькі серадольшая дачка асталася. Вітка. Горка плакала яна, Але быў яшчэ Онан — Сын Іуды серадольшы, Ён за Іра быў не горшы. Крапіва. Пражываў.. [стары] зіму і лета на печы ў свайго серадольшага сына — калгаснага аб’ездчыка. Мурашка.