сегментацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сегментацыі (у 2 знач.).
сегмента́цыя, ‑і, ж.
1. Дзяленне цела некаторых жывёл на шэраг участкаў — сегментаў.
2. Драбленне яйца на мноства клетак пры развіцці зародка.
сегме́нтны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сегмента (у 1 знач.), які мае форму сегмента. Сегментная паверхня.
сегрэгава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які дыскрымінуецца ў выніку палітыкі сегрэгацыі. Сегрэгаваная школа.
сегрэгацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сегрэгацыі.
сегрэга́цыя, ‑і, ж.
Спец.
1. Адна з крайніх форм расавай дыскрымінацыі ў буржуазных дзяржавах, звязаная з абмежаваннем у правах па матывах расавай ці нацыянальнай прыналежнасць, палітыка прымусовага адасаблення нетраў і іншага «каляровага насельніцтва» ад «белых». Расавая сегрэгацыя.
2. Неаднароднасць хімічнага саставу некаторых металічных сплаваў. Сегрэгацыя дамешку сплаву.
[Ад лац. segregatio — аддзяленне.]
се́дала, ‑а, н.
1. Жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія садзяцца ноччу куры; курасадня. Пад павеццю на седале закудах[т]ала курыца. Рылько. Седалы і гнёзды для нясушак зрабіў Вацлаў Нехвядовіч, які аказаўся на дзіва кемлівым птушнікам. Б. Стральцоў. [Стэфка:] — Курачкі цяпер на седале, то ідзі злаві мне адну, Сымонка. Чарнышэвіч. // Месца, дзе гняздзяцца птушкі. Ужо каторы раз над намі моўчкі і паспешліва праляталі на свае седалы самыя познія вароны. Кулакоўскі. Сам арол вісеў галавою ўніз, безупынку лопаючы крыламі. Вось яму ўдалося зноў уладкавацца на сваім седале. Беразняк.
2. Гняздо ў куратніку, дзе нясуцца куры або выседжваюцца кураняты. Яечка — рэдкая прыемнасць у Ганьчыным жыцці. Ганька толькі збірае яйкі на седале і складае іх у стары зялёны макацёр. Васілевіч. У сярэдзіне мая маці пасадзіла на рэшата сапраўдную квактуху Чубатку. — А тваю, відаць, пара з седала выкідаць, — сказала яна да Мані. Якімовіч.
3. перан. Разм. Месца, дзе чалавек пражыў шмат год; абжыты куток. Было страшна, што адарвешся ад роднага седала ды і згубішся ў людзях. Асіпенка. Нейкі час Надзя глядзела засяроджана на сваё колішняе седала, і хоць усё для яе было тут звыклае і роднае, глядзела і не верыла сваім вачам. Гроднеў. // Наседжанае месца або прыдатнае для сядзення месца. Антон праверыў усе вуды, начапляў новых чарвякоў, пажыў рукі і, крыху адышоўшыся ад вады, пачаў рыхтаваць седала — стаяць над вудамі ён ужо стаміўся. Савіцкі.
се́дзень, ‑дня, м.
У выразе: седнем сядзець гл. сядзець.
седлава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сядлаць.
2. Спосаб, якім асядланы конь. Вучэбнае седлаванне. Паходнае седлаванне.
седлава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. З седлавінай (пра каня).
2. Які мае форму сядла; выгнуты. Сям-там, як бы ля падножжа, да.. [будынкаў] туліліся драўляныя домікі з седлаватымі дахамі і шчарбатымі комінамі. Карпаў. Яблыня гэтая была седлаватай і аднабокай: відаць, нямала давялося ёй перанесці ўсякіх нягод. Кулакоўскі. // З упадзінай на носе. Гэта быў кашчавы, год пад семдзесят стары, з шырокім пукатым ілбом, седлаватым носам і з крутым падбародкам. М. Ткачоў.