Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раўнаду́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць раўнадушнага; абыякавыя, безудзельныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Чырвань заліла твар Ларысы: ёй зрабілася сорамна за сваю настаўніцу, за яе раўнадушнасць. «Звязда».

раўнаду́шнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Выказваць раўнадушнасць.

раўнаду́шны, ‑ая, ‑ае.

Абыякавы да навакольнага, да таго, што адбываецца. Ні ён сам пра сябе, ні другія пра яго не маглі і не могуць сказаць, што чалавек ён абыякавы, марудны, раўнадушны. Бялевіч. Кастусь гарэў сам справаю паўстання і не мысліў сабе раўнадушнымі сваіх падначаленых. Якімовіч. // Які не выказвае цікавасці, пачуцця любві да каго‑н. // Які выяўляе раўнадушнасць. Раўнадушны погляд. Раўнадушны тон.

раўнаду́шша, ‑а, н.

Абыякавыя, безудзельныя адносіны да каго‑, чаго‑н.; абыякавасць. «Трэба жыць, — падумаў [Лагацкі], трэба смялей і весялей жыць: пазбыцца раўнадушша, чэрствасці, замкнутасці ў сабе...» М. Стральцоў. Даглядчык з .. [Нічыпара] выйшаў дрэнны, і не так па гультайству, як па абыякавасці, раўнадушшы. Кулакоўскі.

раўназна́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць раўназначнага.

раўназна́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае такое ж значэнне, такую ж значнасць, як і іншы. Раўназначныя велічыні. Раўназначныя ўраўненні. □ Андрэй арганізаваў дзве баявыя групы, амаль раўназначныя, а трэцюю, зусім маленькую — усяго з трох байцоў. Кулакоўскі.

раўнале́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць раўналежнага.

раўнале́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны ў адным кірунку з чым‑н.; які па ўсёй сваёй даўжыні знаходзіцца на роўнай адлегласці ад чаго‑н. Раўналежныя лініі. □ Тут якраз ішла вялікая грунтавая дарога, раўналежная да шашы. Чорны.

2. Які супадае з іншым; аднолькавы. Раўналежныя з’явы. Раўналежныя тэксты.

раўнаме́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць раўнамернага. Раўнамернасць развіцця.

раўнаме́рны, ‑ая, ‑ае.

Аднолькавы, пастаянны ў якіх‑н. адносінах на ўсім працягу, ва ўсіх сваіх частках. Раўнамерныя крокі. Раўнамерны рух. □ Раўнамернае дыханне заснуўшых людзей нібы калыша змрочную цішыню зямлянкі. Лынькоў. З млына даносіўся раўнамерны перастук і скрыгатанне паставаў. М. Ткачоў.