Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раху́ба, ‑ы, ж.

Разм.

1. Падлікі, разлікі. Звесці рахубу. □ Рахуба не згуба. Прымаўка.

2. Карысць, выгада, сэнс. [Дзед:] — І от раскінуў я сваёй галавой ды прыкінуў, дык няма мне ніякай рахубы за таго божага памазанніка ваяваць. Сабаленка. Нікадзім Варакса .. [домік] нават не рамантаваў — не было рахубы. Карпаў.

раху́нак, ‑нка і ‑нку, м.

1. ‑нка. Дакумент, дзе вызначана сума грошай, якая павінна быць заплачана за што‑н. Заплаціць па рахунку. Рахунак за газ. □ Раней у нас рабілася вельмі проста: за паслугі ці матэрыялы мы выпісвалі рахунак і чакалі аплаты. Скрыган. [Старшыня] трыста рублёў заплаціў і рахунак у бухгалтэрыю здаў. Скрыпка. Раніцай прыходзілі да бацькі. Сам уласнік дому — рэстаратар Пранцысь, і швейцар. Лаяліся, пагражалі паліцыяй. Перадалі рахунак за разбітае шкло. Лынькоў.

2. ‑нку. Фінансавыя аперацыі, а таксама дакументы, якія служаць для бухгалтарскага ўліку фінансавых аперацый якой‑н. установы, прадпрыемства. Адкрыты рахунак. Асабовы рахунак. Рахункі па ўкладах.

3. ‑нку; звычайна мн. (раху́нкі, ‑аў). Падлік прыходаў і расходаў у гаспадарцы; грашовыя падлікі. Паслужлівае ўяўленне .. падсоўвала мне ўжо гатовенькі «вобраз» старога скнары: адлічвае штодня жонцы грошы на выдаткі, у канцы тыдня падводзіць рахункі. Скрыган. // перан. Узаемныя прэтэнзіі, крыўды, нездавальненні. [Рэндал:] — У мяне асабісты рахунак з гэтымі бандытамі, і я разлічуся з імі сумленна, па-джэнтльменску. Гамолка. [Паходня:] — Завялі сварку, прыпомнілі нейкія старыя рахункі. Хадкевіч.

•••

Адкрыць рахунак гл. адкрыць.

Асабовы рахунак — рахунак у банку або ў ашчаднай касе, адкрыты на пэўную асобу.

Бягучы рахунак — рахунак укладчыка ў банку або ў ашчаднай касе.

Закрыць рахунак гл. закрыць.

Аднесці на чый‑н. рахунак гл. аднесці.

Звесці рахункі гл. звесці.

На рахунку — (быць) у ліку працоўных, баявых або спартыўных перамог, трафеяў і пад.

Скінуць з рахунку гл. скінуць.

рахункаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Служачы бухгалтэрыі, спецыяліст па рахункаводству. Калгасны рахункавод. □ [Лупянка] за рахункавода паставілі, бо вельмі ж разбіраўся ў лічбах, меў схільнасць да іх. Лынькоў.

рахункаво́дства, ‑а, н.

Вядзенне ўліку аперацый па рахунках (у 2 знач.); бухгалтарскі ўлік.

рахункаво́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рахункавода, рахункаводства. Рахункаводчыя курсы.

рахунко́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і рахункаводчы. Рахунковая кніга. Рахунковы работнік.