расаха́ты, ‑ая, ‑ае.
1. З раздвоеным ствалом; вілаваты. Месца для адпачынку выбіраем на пагорку, пад старым расахатым дубам. Сачанка. Над Прыпяццю, за хатамі, Ля самага сяла, Сасонка расахатая Маленькая расла. Прыходзька.
2. Рагаты, з галіністымі рагамі. Расахаты лось.
расі́зм, ‑у, м.
Антынавуковая рэакцыйная тэорыя і палітыка, якія сцвярджаюць існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых» чалавечых рас і тым самым імкнуцца апраўдаць няроўнасць грамадскіх класаў і нацыянальнасцей.
расі́йскі, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Тое, што і рускі. У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны, хоць сякія-такія польскія словы ён ведаў. Размовы ён меў пераважна з валаснымі пісарамі, з папамі, ураднікамі, часам з прыставам. Ад іх запазычаў ён і расійскія словы, хоць вымаўляў іх з сваім палескім акцэнтам. Колас.
2. Які мае адносіны да Расіі. Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка.
расі́на, ‑ы, ж.
Капля расы. Світанне. .. Зазіх[а]целі На лузе срэбныя расіны. Матэвушаў. Спяшайце У ціхую раніцу веку Усе, хто хоча пачуць, Як, слізгануўшы па расіне, звініць Першы промень. Сіпакоў.
расі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да расіна; капля расы. Над ракой туман плыве. Ззяюць іскры на траве — То на кожную травінку Палажыла ноч расінку, Падарыў вясёлы дзень Кожнай кропельцы прамень... Муравейка. // Капля якой‑н. вадкасці. Пятруська прыбягаў сюды з кошыкам, мусіць, часцей за ўсіх, яму аж горача стала, а ў яго напарніка ўжо і расінкі на лбе выступілі. Кулакоўскі.
•••
Макавай расінкі ў роце не было гл. быць.
расі́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты вялікай расой. Расістая трава. □ След бліскучы, слуп агністы, Лёг ад месяца ў вадзе. Дол вільготны і расісты... Колас. Па расістай сцяжынцы Мікітка спяшаецца да возера. П. Ткачоў.
2. Які суправаджаецца вялікімі росамі. А вясна зелянее лугамі У расістае ранне, І смяюцца русалак вачамі Зоры ночкаю ў шэрым тумане. Тарас.
расі́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да расізму і расістаў. Расісцкія тэорыі. Расісцкія законы.
расі́цца, рашуся, росішся, росіцца; незак.
Становіцца мокрым ад расы; пакрывацца расой.
расі́ць, рашу, росіш, росіць; незак., што.
Разм. Мачыць расою. Высокі густы бульбоўнік блытаўся ў нагах, расіў адзенне. Сачанка. // Пакрываць кроплямі (слёз, крыві). Канец бядзе, Нудзе І гору, — Не росяць вейкаў кроплі слёз. Бялевіч.