рамані́стыка 1, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж., зб.
Сукупнасць твораў, напісаных у жанры рамана (пэўнага пісьменніка, краіны, перыяду і пад.). Дзесяць гадоў назад працай А. Адамовіча «Беларускі раман» быў пакладзены пачатак грунтоўнаму вывучэнню беларускай раманістыкі. «Полымя».
рамані́стыка 2, ‑і, ДМ ‑стыцы, ж.
Сукупнасць навук, якія вывучаюць мовы і культуру раманскіх народаў; раманская філалогія.
рамані́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рамана (у 1 знач.). Ваенна-гістарычнае апавяданне падначальвае сабе элементы раманічнай кампазіцыі, сюжэтную структуру і вобразную сістэму. Дзюбайла.
2. Які мае адносіны да рамана (у 2 знач.); звязаны з любоўнымі адносінамі. Лабановіч заходзіць у кухню. Яму цікава паглядзець на сваю старожку, чыя асоба звязвалася раманічнаю гісторыяй з асобаю яго папярэдніка, гэтага самага Мітрафана Васільевіча. Колас.
рама́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рамана (у 1 знач.), уласцівы яму. Раманная пабудова літаратурнага твора. Раманны жанр.
рама́нс, ‑а, м.
1. Невялікі вакальны твор для голасу з інструментальным суправаджэннем. [Саша:] — Вы маглі даць няўдалую лекцыю, але гэта не можа пашкодзіць вам самім праспяваць, ну, напрыклад, раманс. Колас. // Невялікая музычная п’еса пявучага, меладычнага характару.
2. У сярэдневяковай заходнееўрапейскай літаратуры — лірычны любоўны верш песеннага народнага складу.
3. Невялікі лірычны верш, часта пакладзены на музыку. Рамансам таксама называюць лірычны твор, прысвечаны звычайна любоўным перажыванняў. Узорам беларускага раманса з’яўляецца «Зорка Венера» М. Багдановіча. А. Макарэвіч.
[Фр. romance.]
рама́нсавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да раманса, уласцівы яму. Рамансавая форма. Рамансавая мелодыя.
рама́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які ўзнік на аснове старажытнарымскай культуры або звязаны з гэтай культурай. Раманская культура. Раманскі стыль.
рамантава́нне 1, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рамантаваць 1; рамонт 1.
рамантава́нне 2, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рамантаваць 2.
рамантава́цца 1, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.
1. Знаходзіцца ў рамонце. Прыбыткоўскаму штосьці не падабалася ў тым, што каля яго хаты бадай штодзень рамантуецца аўтобус. Чорны. // Разм. Займацца рамонтам свайго жылля, машыны, гаспадарчых прылад і пад. [Леаніда Пятроўна:] — А чаму б гэтае пытанне не абмеркаваць нам на агульным сходзе? Пагаварыць пра тое, што нашы трактарысты працуюць якіх шэсць-сем месяцаў, а ўвесь астатні час рамантуюцца альбо прастойваюць пад навесам? Паслядовіч.
2. Зал. да рамантаваць 1.
рамантава́цца 2, ‑туецца; незак.
Зал. да рамантаваць 2.
рамантава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
Праводзіць рамонт 1. Рамантаваць кватэру. □ Крутаплечы, з пудовымі кулакамі, каваль Кастусь Махнач з ранку да вечара рамантаваў са сваімі памочнікамі плугі, вароны, перацягваў колы, акоўваў перадкі. Курто. Зранку пасля паверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Колас.
рамантава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
Спец.
1. Папаўняць табун або стада маладняком.
2. Ліквідаваць разрэджанасць пасеваў, прысад падсадкай новых раслін.
рамантызава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад рамантызаваць.