Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пуці́на, ‑ы, ж.

1. Спец. Сезон масавай лоўлі рыбы. Зімовая пуціна. □ Адкрытая вада, навігацыя, лоўля рыбы з адкрытай вады — для рыбака змяшчаецца ў адным ёмкім слове — пуціна. «Маладосць».

2. Паэт. Тое, што і пуцявіна. Люблю, не знаючы пуціны, Ісці праз лес, балота, гаць, Мінаць квяцістыя нізіны, Пад грушай ў полі спачываць. Жылка. Усе гэтыя мучанікі за праўду выклікалі здзіўленне і глыбокае спачуванне і з непераможнаю сілаю хілілі на тую цярністую пуціну пакуты, па якой ішлі яны. Колас. Кожны з вядучых пісьменнікаў ішоў тут — у залежнасці ад уласнага таленту — рознымі пуцінамі. Лойка.

пуці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Сорт яблыні, якая дае зялёныя кісла-салодкія яблыкі.

2. Плод гэтай яблыні. [Дзядзька Юстын] частуе мяне яблыкамі — ядранай сакавітай пуцінкай са свайго прысядзібнага саду. Сачанка.

пуць, ‑і, м.

Чыгуначная або трамвайная каляя. Уздыхнуў паравоз парай і без гудкоў, без свісткоў выбраўся на галоўны пуць. Лынькоў. Доўгімі саставамі запруджаны ўсе станцыйныя пуці, эшалоны стаяць і на падыходзе да станцыі. Навуменка.

пуцяві́к, ‑цевіка, м.

Разм. Тое, што і пуцеец. Гурткоўцы пачалі звяртацца да .. [Пеці] як да галоўнага пуцевіка малой школьнай чыгункі. Шыловіч.

пуцяві́на, ‑ы, ж.

Паэт. Шлях, дарога. Эх, сябры, не блага Успомніць час ад часу Пра баі, адвагу, Пра паходы нашы І агледзець святам Свой шынель і боты, У якіх багата Пуцявін прайшоў ты. Танк. Я зноў хачу зірнуць назад Пад тыя стрэхі родных хат, Дзе зачалася пуцявіна, Дзяцінства светлая часіна... Колас.

пуцяво́дны, ‑ая, ‑ае.

Які паказвае дарогу, напрамак; які вядзе куды‑н., да чаго‑н. Ён відаць адусюль — пуцяводны маяк, — З новых плошчаў і вуліц, з-за Свіслачы зоркай, Дзе шуміць галасамі і музыкай парк,.. Быццам мора пасля праляцеўшага шторму. Танк.

•••

Пуцяводная зорка гл. зорка.

Пуцяводная ніць гл. ніць.

пуцявы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да абслугоўвання чыгуначных пуцей, работы на чыгуначных пуцях. Пуцявы абходчык. Пуцявы пост. Пуцявая сігналізацыя.