Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пу́хлы, ‑ая, ‑ае.

Поўны, круглявы, мяккі. Ісаю падабаўся гэты высокі, спакойны, маўклівы хлопец з дзіцячымі пухлымі губамі. Новікаў. Іна прыклала ружовую пухлую руку да.. [Змітравага] лба. Ваданосаў. Старая палатняная кашулька задралася, агаліўшы.. [Косцікава] пухлае ружовае цела. Васілевіч. // Мяккі, рыхлы. І чыстым золатам зярняты лажацца ў пухлую зямлю. Машара. // Тоўсты, аб’ёмісты. І сёння ў пухлым сямейным альбоме захоўваецца пажоўклы фотаздымак. Васілевіч.

пухля́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пухлы. Яшчэ з парога.. [гаспадыня] ветліва прывіталася, несучы на пухлявых губах прыемную ўсмешку, уласцівую толькі жанчынам. Колас.

пухна́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Пушысты, мяккі, быццам з пуху. Узбоч пыльных гасцінцаў цвілі рамонкі, сям-там ківалі пухнатымі галоўкамі, бы кланяліся зямлі, васількі. Сачанка. [Хлопчык] бег, мякка махаў ручкамі — калашмаценькі ў шырокіх сваіх веснавых штоніках і ў пухнатай шапачцы. Скрыган.

2. Поўны, пухлы. [Віця] радасна смяяўся, зморшчыўшы свой пухнаты тварык. Шамякін.

пу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пух, ‑ла; незак.

Пакрывацца пухлінай; распухаць. Пухнуць ад голаду. □ Дзяўчынка ўстала, схапілася рукою за нос і тут адчула, што ён пачаў пухнуць. Арабей. // Разм. Павялічвацца ў аб’ёме; разбухаць. Такая тут была трывога. Вуглы счышчалі да нічога І збіралі ўсё да ніткі. Падводы пухлі ўвачавідкі. Колас.

пухо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з пуху або напханы пухам. Пуховая падушка. □ На будоўлі кожны дзень з’яўлялася сціплая невысокая жанчына ў гумовых ботах і ў цёплай пуховай хустцы. Грахоўскі. // Такі, як пух; які нагадвае пух. Быў на дзіва ясны дзень, пякло сонца, а неба — сіняе, і толькі дзе-нідзе з’яўляліся невялікія пуховыя хмаркі. Гурскі.

2. Які дае пух. Пуховыя пароды коз.

пухо́ўка 1, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.

1. Пучок мяккіх, пушыстых валокнаў, які ужываецца для пудрання.

2. Разм. Пуховая шапка. А я глядзеў на яе — знізу ўверх — на маленькія спартыўныя бацінкі,.. на румяны, атулены белай пухоўкай, твар... Брыль.

пухо́ўка 2, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.

1. Тое, што і рагоз.

2. Тое, што і порхаўка.