Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

публіцы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да публіцыст.

публіцы́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Жанр грамадска-палітычнай літаратуры на тэмы сучаснасці. Лепшым узорам беларускай публіцыстыкі дарэвалюцыйнага часу з’яўляюцца пісьмы К. Каліноўскага, што друкаваліся ў газеце «Мужыцкая праўда». А. Макарэвіч. // Наяўнасць (у творах, у творчасці) надзённых грамадска-палітычных пытанняў. У апошніх частках рамана Чорнага залішне многа публіцыстыкі. Барсток.

2. зб. Творы гэтага жанру. Публіцыстыка і сатыра [К. Чорнага] шырока выкарыстоўваліся ў плакатах і лістоўках. Луфераў.

[Ад лац. publicus — грамадскі.]

публіцысты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць, якасць публіцыстычнага; наяўнасць элементаў публіцыстыкі (у творах, творчасці і г. д.). Публіцыстычнасць П. Глебкі розніцца ад мяккага лірызму Я. Купалы, ад эпічнай непаспешлівасці Я. Коласа. «Полымя».

публіцысты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да публіцыстыкі, да публіцыста. Публіцыстычны артыкул. Публіцыстычная дзейнасць. Публіцыстычная літаратура.

публі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць, якасць публічнага (у 1 знач.). Публічнасць лекцыі. Публічнасць суда. // Шырокая вядомасць. Вялікае значэнне надаецца публічнасці спаборніцтва. Для гэтай мэты выкарыстоўваецца не толькі вусная прапаганда. «Звязда».

публі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адбываецца ў прысутнасці публікі, людзей; адкрыты. Публічная лекцыя. □ Паэт [Максім Танк] перакладаў вершы Пушкіна на беларускую мову яшчэ ў давераснёўскі перыяд, выступаў з іх публічным чытаннем. Бугаёў.

2. Прызначаны для шырокага кола людзей, грамадства, для грамадскага карыстання. Публічная бібліятэка. Публічная выстаўка.

•••

Публічны дом гл. дом.

[Ад лац. publicus — грамадскі.]

пу́га, ‑і, ДМ пузе, ж.

Прымацаваны да палкі кавалак вяроўкі або сырамяці, якім паганяюць жывёлу. Сымон сеў на перадок, махнуў пугай, і Пярэстая амаль з месца пайшла трухам. Чарнышэвіч. Ездавы пярэдняй павозкі размахваў пугаю і крычаў штосьці на каняку. Мележ.

•••

Як пугаю па вадзе — без пэўнага выніку, без знаку.

пугаўё, ‑я, н.

Дзяржанне пугі; пужальна. Фурман стаяў перад нартамі, трымаючы ў левай руцэ вялікія рукавіцы з аўчыны, а ў правай сырамятную пугу на доўгім бамбукавым пугаўі. Брыль. [Зміцер] трымае ў руцэ пугаўё, а пуга, як доўгая тонкая змяя, цягнецца па гразі. Чарнышэвіч.

пуга́ч 1, ‑а, м.

Цацачны пісталет, які страляе пістонамі або коркам.

пуга́ч 2, ‑а, м.

Драпежная начная птушка атрада соў. Дзесьці вухкаў пугач, яго дзікі крык гулка разносіўся па сонным лесе. Шашкоў.

пугачо́ў, ‑чова.

Які належыць пугачу ​2. Пугачова вока.