по́шукі, ‑аў; адз. пошук, ‑а, м.
1. Адшукванне каго‑, чаго‑н. Доўгія пошукі сям’і не далі вынікаў, але .. [Апанас] знайшоў сястру і яна прыехала да яго. Дуброўскі. Па дарозена горад выцягнуўся абоз у пошуках новага прыстанішча. Лобан. Маладых пісьменнікаў захаплялі пошукі дынамічнага, эмацыянальнага стылю. Адамовіч. Але .. [карэкціроўшчык], выклікаўшы самалёт, згубіў пеленг, не давёў пошук да канца. Ваданосаў.
2. Разведачныя работы па адшуканню карысных выкапняў. Геалагічныя пошукі.
по́шум, ‑у, м.
Разм. Ціхі шум. У пошуме дрэў, у павеве ранішняга ветру нязменна чуецца яго голас: — Жывіце даўжэй, хлопцы! Лужанін. А там за поездам, як за сцяною, у мутнай завейцы чуўся густы пошум лесу. Пестрак.
по́шчак, ‑у, м.
1. Пералівісты дрыжачы гук; трэль. Спачатку чуўся салаўіны пошчак, на балоце адзываўся драч, у кустах цвіркала берасцянка. С. Александровіч.
2. Водгук, рэха. Аўтамат засакатаў, разносячы пошчак па лесе. Якімовіч. Недзе ў гушчарніку зазваніў дзяцел, і пошчак пайшоў па лесе. Чарнышэвіч.