по́мслівы, ‑ая, ‑ае.
Схільны да помсты. Лявон Нарбутовіч быў чалавек злапомны і помслівы. Чарнышэвіч. // Які выражае помсту. З.. [Цімохавага] твару.. не сыходзіць усмешка, зларадная, помслівая ўсмешка. Колас.
по́мста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.
Адплата за прычыненае зло. Ідуць, закованыя ў сталь, На нас драпежнікі і каты... Народ, на бой рашучы устань! Устань для помсты і расплаты! Крапіва. // Жаданне адпомсціць. І ў самых запаветных тайніках .. [Міхасёвай] мары гарыць яшчэ незгасальная іскра помсты самому каменданту .. за смерць бацькі. Якімовіч.
•••
Кроўная помста — помста забойствам за забойства сваяка як перажытак родавага ладу.
по́мсціцца, ‑мшчуся, ‑мсцішся, ‑меціцца; незак.
Тое, што і помсціць. І цяжка было зразумець, ці .. [Андрэй] сапраўды шкадуе аб тым, што прыгадаўся ўчарашні вечар, ці помсціцца Марыне. Шахавец.
по́мсціць, ‑мшчу, ‑мсціш, ‑меціць; незак.
Чыніць помсту каму‑н. [Міхаіл] помсціў ненавісным ворагам за кроў і слёзы сваёй знявечанай радзімы. Краўчанка.