Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́дкуп, ‑у, м.

Дзеянне паводле дзеясл. падкупляць — падкупіць (у 1 знач.).

по́дласць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць подлага. Валодзя Полаз на поўны голас філасофстваваў аб подласці людзей, якія пішуць ананімныя пісьмы. Шамякін.

2. Подлы ўчынак. [Туравец] думаў пра ўцекача з нянавісцю і пагардай, бо лічыў, што няма большай подласці, чым кінуць у цяжкую хвіліну таварышаў. Мележ. [Шкуранкоў:] Ніякай подласці я яшчэ не зрабіў. Крапіва.

по́длетак, ‑тка, м.

Спец. Маладая птушка, якая толькі пачала вылятаць з гнязда.

по́длы, ‑ая, ‑ае.

Нізкі ў маральных адносінах; ганебны, несумленны. [Тарас Іванавіч:] — Разумныя людзі спачуваюць вам, дурні, прахвосты ганяць, а болей хітрыя і подлыя маўчаць. Колас. — Дзе ты яе [цялушку] ўжо знойдзеш? — махнуў рукою Вабёр. — Хто ўзяў, той і хаваць умее. — Платон Грушка абурыўся на нечы такі подлы ўчынак. Пестрак.

по́дмазка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Кавалачак сала, здору і пад., якім падмазваюць скавараду, калі пякуць бліны. Пахла подмазка ад скаварады пад прыпекам. Чорны. Дранікі на подмазцы. Ого! Гэта ежа. Няхай.

по́дмешка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Тое, што і падмешка (у 2 знач.).

по́дпірка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Абл. Падпора, падпорка. Нявестка прывядзе нейкага хваста, а можа і два. Вось і подпірка ў гаспадарцы. Крапіва.

по́дпіс, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падпісваць — падпісаць (у 1 знач.).

2. Прозвішча, напісанае ўласнаручна пад якім‑н. тэкстам, малюнкам, карцінай і пад. для пацвярджэння свайго аўтарства або згоды з чым‑н. Гэта была... заява. Кароткая. «... Прашу прыняць мяне і ўвесь мой інвентар у калгас». Тады — подпіс: «Ждановіч Міхаіл Селівестравіч». Брыль. Паставіўшы подпіс і дату, Алік прачытаў напісанае ўсё з пачатку. Кулакоўскі. Размашысты подпіс гаварыў пра тое, што чалавек з упэўненасцю сведчыў складзеную для яго па ўсёй форме паперу. Асіпенка.

3. Надпіс над чым‑н., пад чым‑н. [Чыкуноў:] — Прыйдзецца і схему [канструкцыі] перачарціць, і подпіс зрабіць іншы. Васілёнак. У думках [Рыгор] перагарнуў старонкі падручніка, усплыў у памяці і малюнак з подпісам. Б. Стральцоў.

по́дплетка, ‑ткі, ДМ ‑тцы; ж. Р мн. ‑так;

Абл. Шыла для падплятання лапцей. Прыпякло — стары расшпіліў на сабе чорную картовую сарочку і зноў стаў калупаць подплеткай лапаць... Капыловіч.

по́дпуск, ‑у, м.

Рыбалоўная снасць у выглядзе тонкай вяроўкі з кручкамі і грузілам, якая апускаецца пад лёд.