няпо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Запоўнены чым‑н. не да краёў, не да верху. Пачак быў ужо распячатаны і няпоўны. Чарнышэвіч. Здаравенны фельдфебель, мардаты, вусаты,.. з няпоўным кухлем у руцэ, узбіўся з ботамі на стол, пайшоў па ім... Брыль.
2. Які праяўляецца не ў поўнай меры. Так без шуму, без адзінага выстралу захапілі [партызаны] вялікую колькасць палонных, батарэю, некалькі кулямётаў.. Але радасць гэтай выключнай перамогі была няпоўнай. Лынькоў. Мне здаецца і шчасце маё будзе няпоўным, калі я пакіну школу. Шамякін.
3. Які не дасягнуў пэўнай нормы, мяжы, неабходных памераў. Па небе павольна плыў няпоўны месяц. Шамякін. // Які не мае поўнага камплекту, саставу; не ўвесь. Няпоўная калекцыя. □ Брыгада няпоўная — пяць хлопцаў. Адам незадаволены. Нядзведскі. // Які не з’яўляецца вычарпальным. Няпоўная інфармацыя. Няпоўнае азнаямленне. □ — Па няпоўных дадзеных.. [з Арэхаўкі] пайшло ўжо ў лясы сем чалавек. Шамякін. // Не закончаны, не завершаны да канца. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. Творчы партрэт Бірылы будзе няпоўным, калі мы не скажам аб працы яго ў класічным рэпертуары. «ЛіМ».
няпра́вільна,
1. Прысл. да няправільны.
2. у знач. вык. Памылкова. Якуб Лакота з хвіліну думаў.. і потым адказаў з рашучай цвёрдасцю: — Гэта няправільна і непатрэбна... Зарэцкі.
няпра́вільнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць няправільнага. Няправільнасць тэорыі. □ Выразныя вочы, якія трохі гулліва — так, па крайняй меры, тады здалося мне — пазіралі спадылба, змазвалі і гэтую, бадай адзіную, няправільнасць на яе твары. Чыгрынаў.
2. Адхіленне ад нормы; памылка.
няпра́вільны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не адпавядае якім‑н. правілам, нормам. Няправільнае развіццё арганізма. Няправільнае вымаўленне. □ — Мы вельмі рады, — сказаў.. [Бесо] няправільнай расійскай мовай. Самуйлёнак. // Які не адпавядае правілам сіметрыі. Няправільныя рысы твару.
2. Які не адпавядае ісціне; няверны, памылковы. Суддзя звыкла папярэджвае [сведак] аб адказнасці за няправільныя паказанні. Дадзіёмаў. [Люба:] — А няхай бы вы, будучы ў Мінску, зайшлі да .. [Стафанковіча] і сказалі, што млын кепска меле. [Млынар:] — Гэты абармот даў мне няправільны адрас, і я яго не знайшоў. Чорны.
3. Не такі, як трэба; несправядлівы. Няправільная палітыка. □ [Якуб:] — Па-баявому, па-ваеннаму так... Калі ты атрымаў няправільны, на твой погляд, баявы загад, ты мусіш перш яго выканаць, а потым абскардзіць... Зарэцкі.
•••
Няправільны дзеяслоў гл. дзеяслоў.
Няправільны дроб гл. дроб.
няпра́ўда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Тое, што знаходзіцца ў супярэчнасці з праўдай; хлусня, мана. — Па-мойму, нічога няма добрага [у жыцці вясковага настаўніка], — скептычна адказвае Вольга Віктараўна. — Няпраўда, Вольга Віктараўна, — ёсць! Колас.
2. Ашуканства; падман. З нечым цяжкім на сэрцы выйшла я з касцёла, дзе ўбачыла столькі абману і няпраўды. Чорны.
няпро́шаны, ‑ая, ‑ае.
Які з’явіўся куды‑н. без запрашэння; нечаканы, нежаданы. Хлопчык ведаў: стары не любіць, калі ў садзе з’яўляюцца няпрошаныя госці. Сіняўскі. Слухаючы камандзіраў, Бярозка хваляваўся, яго часам нават апаноўваў няпрошаны страх. Шахавец. «Вось і схадзілі ў кіно», — падумала жонка, выціраючы няпрошаныя слёзы. Лынькоў.
няпэ́ўнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і стан няпэўнага. Няпэўнасць рухаў. Няпэўнасць чутак.
2. Няпэўнае становішча. [Хадкевіч:] — Дрэнны канец, кажуць, лепш за прыемную няпэўнасць... Васілевіч. Аднаму і другому трэба было на нешта наважыцца, выясніць сваё становішча, пазбавіцца гэтай няпэўнасці. Колас.
няпэ́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Не зусім выразны, няясны. У паўзмроку.. вельмі мала што можна было ўбачыць. Трохі віднеліся няпэўныя абрысы тых дрэў, што раслі бліжэй к хаце. Кулакоўскі. Фарба на.. [куфры], некалі чырвоная, месцамі пацямнела і мела цяпер няпэўны буры колер. Сіўцоў. // Пра пачуцці, уяўленні, адчуванні і пад. І ўвесь вечар не пакідала.. [Аню] нейкая незразумелая не то трывога, не то няпэўнае чаканне. Васілевіч. Нейкі няпэўны настрой авалодвае Андрыянам. І светла на сэрцы ад сустрэчы з Юлькай, і точыць сумненне ці пакахае яна яго. Марціновіч.
2. Дакладна не ўстаноўлены. Была ў вагоне яшчэ жанчына з дзіцем на руках, малады мужчына ў сінім камбінезоне, чалавек няпэўнага ўзросту ў чорным бліскучым плашчы. Васілёнак.
3. Пазбаўлены цвёрдасці, упэўненасці, нерашучы. За дзвярыма пачуліся няпэўныя крокі босага чалавека. Бядуля. [Гвардыян] мацней захінуўся ў футра і няпэўнаю ступою пасунуўся да дзвярэй. Зарэцкі.
4. Такі, у якім нельга быць поўнасцю ўпэўненым; ненадзейны. Няпэўныя звесткі. Няпэўнае становішча. □ Пра дзяўчынку хоць трошкі было вядома, а наконт хлопчыка ўзнікалі розныя думкі і вельмі няпэўныя .. меркаванні. Кулакоўскі. Лічачы гэтую справу няпэўнай, дырэктар трымаў яе пакуль што ў сакрэце. Якімовіч.