нецярпе́нне, ‑я, н.
Недахоп, адсутнасць цярпення (пры чаканні чаго‑н.). Госці гарэлі ад нецярпення, але сядзелі паважна, нічым не выказваючы свайго прагавітага жадання кінуцца ў наступленне. Колас. — Сядай, Пятро, сядай ды хутчэй расказвай, — Лясніцкі ажно цёр ад нецярпення рукі. Шамякін.
нецярпі́масць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць нецярпімага. Нецярпімасць паводзін.
2. Нецярпімыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Трэба вакол дармаедаў стварыць абстаноўку нецярпімасці. «Звязда».
нецярпі́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што нельга цярпець; недапушчальны. Нецярпімае становішча.
2. Які не можа па сваёй натуры мірыцца з кім‑, чым‑н., прызнаваць, цярпець каго‑, што‑н. Асабліва нецярпімы да моўнай неахайнасці быў К. Чорны. Пшыркоў. // Які вызначаецца нецярпімасцю. З Барбосам зладу не было, — Задзёрысты ён быў і нецярпімы. Корбан.
нецярплі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан нецярплівага. Сядзелец, па прозвішчу Кляп, выказваў усе адзнакі нецярплівасці. Колас. [Сімон] разумеў, што зараз будзе цікавая размова, і яго аж дрыжыкі бралі ад нецярплівасці. Самуйлёнак.
нецярплі́вы, ‑ая, ‑ае.
Такі, якому не ўласціва цярпенне. Нецярплівы чалавек. □ Саша выйшла першая, як заўсёды імклівая, нецярплівая, — ёй цяжка было глядзець на развітанне. Шамякін. / у знач. наз. нецярплі́вы, ‑ага, м.; нецярплі́вая, ‑ай, ж. — Ты раскажы, дзед, што там сёння было? — прасілі нецярплівыя. Якімовіч. // Які выражае нецярпенне. Праз хвіліну пачулася нецярплівае наравістае фырканне каня. Мележ.