несамахо́дны, ‑ая, ‑ае.
Які не можа рухацца сваім ходам. Несамаходны камбайн. Несамаходны флот.
несамахо́ць, прысл.
Разм. Мімаволі, незнарок. Варанецкі стаяў і аглядаў небагаты скарб [хаты].. — Не багата, не багата... — несамахоць сарвалася ў Варанецкага. Дуброўскі. Боганчык быў страпянуўся і несамахоць прыціснуўся да калёс, стаўшы побач з Настай. Пташнікаў.
несапра́ўднасць, ‑і, ж.
Уласцівасць несапраўднага (у 1, 2 знач.).
несапра́ўдны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае законнай сілы. Шлюб з псіхічна хворым прызнаецца ў адпаведнасці з законам несапраўдным. «Маладосць».
2. Падроблены; штучны. Несапраўдны брыльянт. □ Увесь цяперашні спрыт гэтага чалавека, яго рухавасць, яго жвавая гутарка, калючы агонь яго слоў, — усё гэта здавалася на[й]граным, несапраўдным. Лынькоў.
3. Ужываецца як састаўная частка назваў раслін, жывёл і пад. Несапраўдны скарпіён.
4. Які толькі вонкава падобны да чаго‑н. сапраўднага. Здавалася, .. што і бомбы рвуцца несапраўдныя, і кулямёты лапочуць толькі для таго, каб нарабіць траскатні і нажахаць нас. Сабаленка.
несапсава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Спраўны, не пашкоджаны. Несапсаваны гадзіннік.
2. Маральна чысты, здаровы. Несапсаваная натура.
несвабо́дны, ‑ая, ‑ае.
Які залежыць ад каго‑, чаго‑н.; несамастойны.
несвядо́масць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць несвядомага. Палітычная несвядомасць.
2. Паводзіны, учынкі несвядомых людзей. Адзнакі старога — гэта забабоны, несвядомасць, беднасць, гразь. Чорны.
несвядо́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ўсведамляе сваіх адносін да рэчаіснасці. Несвядомае дзіця. // Пазбаўлены класавай свядомасці; палітычна адсталы. [Нявідны:] — І трэба, таварышы, не толькі пускаць у ход зброю знішчэння ў вайне з панамі, а трэба таксама і развязваць вочы несвядомым польскім салдатам, абуджаць іх класавую свядомасць. Колас. // Якому не ўласціва ўсведамленне сваіх абавязкаў. Несвядомы работнік. // Характэрны чалавеку, які не ўсведамляе сваіх абавязкаў. Несвядомыя адносіны да працы.
2. Які адбываецца без кантролю, свядомасці; неўсвядомлены, інстынктыўны. Успаміны.., здавалася, маладзілі .. [дзеда] на шмат гадоў і ўздымалі ў ім дух нейкага несвядомага пратэсту. Чарот.
несвято́чны, ‑ая, ‑ае.
Будны, не такі, як у свята. Несвяточны дзень. Несвяточны касцюм.
несіметры́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць несіметрычнага; несуразмернасць частак цэлага.