неразга́данасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан неразгаданага. Неразгаданасць смутку. Неразгаданасць лёсу.
неразгада́ны, ‑ая, ‑ае.
Які патрабуе разгадкі; незразумелы, загадкавы. Усіх хвалявала неразгаданая таямніца. Ваданосаў. Люблю сядзець уначы каля вогнішча, падкладаць у сіняе полымя дровы, ды слухаць іх трэск — мудрую неразгаданую гаворку. Каваль.
неразго́рнутасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан неразгорнутага.
неразго́рнуты, ‑ая, ‑ае.
Не раскрыты (пра што‑н. загорнутае, складзенае). Неразгорнутая кніга.
нераздзе́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Не падзелены на часткі. Нераздзеленая маёмасць.
2. перан. Які не атрымлівае водгуку, не сустракае спачування, разумення. Колькі год прайшло з таго часу, але не ціхне ў сэрцы боль нераздзеленага кахання. Бярозкін. Галі карцела расказаць, паспавядацца ў сваіх пачуццях, бо нераздзеленая радасць — палова радасці, а нераздзелены смутак — глядзі што большы, як у два разы. Сабаленка.
нераздзе́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нераздзельнага.
нераздзе́льны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і непадзельны (у 2, 3 знач.).
неразлу́чнасць, ‑і, ж.
Стан неразлучнага. Неразлучнасць сяброў.
неразлу́чны, ‑ая, ‑ае.
Які ніколі не разлучаецца, заўсёды знаходзіцца разам з кім‑н. Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Міхаліна забяжыць па сваю неразлучную сяброўку Джэму Рог ці Джэма па яе, а там глядзіш — выходзяць з двароў дзяўчаты, то адна, то другая. Палтаран. // Які знаходзіцца заўсёды пры кім‑, чым‑н. (аб прадметах). Прыйшоў, накульгваючы пасля ранення, неразлучны са сваім кіёчкам, старшыня калгаса Іван Ануфрыевіч Грабок. Краўчанка. // Які з’яўляецца адным цэлым, адзіным. Магутна, велічна гучыць наш гімн, які спяваюць тыя, для каго ён цяпер неразлучны са словамі воля і шчасце. Брыль. // Які заўсёды звязаны з чым‑н. (аб пачуццях, з’явах). Прыйшло каханне, а разам з ім і яго неразлучныя спадарожнікі: шчасце і пакуты... Васілевіч. [Настаўнік:] — Страх і цемната — неразлучныя прыяцелі. Колас.
неразме́ннасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неразменнага.