непадабе́нства, ‑а, н.
Адсутнасць падабенства; розніца. Першае, што кінулася нам у вочы, гэта непадабенства вуліц. Жычка.
непадалёк, прысл. і прыназ.
Тое, што і непадалёку. Я пастаяў крыху і, калі вецер трохі ўлёгся, разгледзеў непадалёк вялізныя гурбы снегу! Гурскі. Яна стаяла Непадалёк мяне, на ўзмежку. Купала.
непадалёку, прысл. і прыназ.
1. прысл. На нязначнай адлегласці; паблізу. Непадалёку, спрабуючы голас, азваўся салавей. Аляхновіч.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «непадалёку» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет ці месца, паблізу якіх хто‑, што‑н. знаходзіцца або што‑н. адбываецца. [Серж з бацькам] былі ўжо непадалёку свайго дома. Чорны. Непадалёку сцішаных Ашмян Загаласіла ўтрапёна дудка — Куды гучней, чым віленскі арган. Дукса.
непадатко́вы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які не падлягае абкладанню падаткам. Непадатковы даход.
непада́тлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непадатлівага.
непада́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню. Кожны дзень экскаватар, паслухмяны волі чалавека, вурчаў, дрыжучы ўсім целам, злаваўся, угрызаючыся зубамі ў непадатлівы гліністы грунт. Сапрыка. Тонкія і жвавыя пальцы паненкі доўгі час бездапаможна перабіралі тоўстую вяроўку, канец якой намок, стаў тугі і непадатлівы, нібы карабельны канат. Карпюк.
2. Няўступчывы, упарты. Вера, гуллівая на словах, была на дзіва ўпартая і непадатлівая. Сачанка. // Стойкі, непахісны. Абы пачынаў [Анатоль] пра што думаць, паўставала Іза, абражаная, але непадатлівая бядзе, гордая і ўпэўненая. Пальчэўскі.
непадве́дамны, ‑ая, ‑ае.
Які не падлягае нагляду, распараджэнням данай службовай асобы або ўстановы.
непадзе́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Які не раздзелены на часткі. Непадзеленая маёмасць.
2. Які не мае водгуку, не сустракае спачування, падтрымкі, належнага разумення. Галя носіць сваю таямніцу, як незвычайны цяжар, як нявыказаную радасць і як непадзелены смутак. Сабаленка.