ненагля́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Каханы, самы дарагі. Ты заўсёды мне жаданы, Мой адзіны, мой каханы, Сэрцу мілы, ненаглядны мой! Валасевіч. І заспала [старая]. Бо прыснілася ёй Лідачка, зорачка яе ненаглядная, унучка. Брыль. / у знач. наз. ненагля́дны, ‑ага, м.; ненагля́дная, ‑ай, ж. Ужо не будзеш гуляць, як бывала, Цалаваць, як раней цалавала, Вых[о]дзіць у сад апаўночы, Глядзець ненагляднаму ў вочы. Багдановіч.
2. Такі, на якога нельга наглядзецца, якім нельга налюбавацца; вельмі прыгожы. [Скакун:] Эх, красуня ты мая, ненаглядная. Гурскі.
ненадзе́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан ненадзейнага. Ненадзейнасць становішча. Палітычная ненадзейнасць.
ненадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якому нельга верыць, даверыцца; на якога нельга спадзявацца. Ненадзейная ахова. □ Кватэру Качаноў Антохін добра ведаў, і пакідаць там раненага падпольшчыка было небяспечна.. Ён моцна стагнаў, а за сцяной жыла ненадзейная суседка. Новікаў. Васіль уводзіў Вадзягіну ў вушы, што Саўка самы ненадзейны [стараста]. Федасеенка.
2. Які выклікае апасенне сваёй якасцю, трываласцю і пад. Ненадзейныя ўмацаванні. □ Пасля таго, як партызаны разведалі ўчастак, гітлераўцы падкінулі туды ў падмацаванне пяхоту з мінамётамі і некалькі танцаў. Яны ўзмацнілі ненадзейныя для іх пазіцыі. Мележ.
ненадзява́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які не быў ва ўжытку, новы (пра адзенне, абутак). Ненадзяваная кашуля. □ Даўно ненадзяваны фрэнч сціскаў плечы і непрыемна казытаў шыю. Савіцкі.
ненадо́ўга, прысл.
На кароткі час. — Дзе ты быў? — запытаўся.. [бацька] цвёрдым, зусім не хворым голасам. — Ненадоўга на двор выйшаў, тата. Чарнышэвіч. [Шэмет:] — Мы да вас ненадоўга. Пазнаёмімся з гаспадаркай і паедзем. Лобан. [Лясніцкі] павялічваў крок, але ненадоўга — зморанасць перамагала. Шамякін.
ненае́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога цяжка накарміць; пражэрлівы; заўсёды галодны. Ненаедныя птушкі.
2. перан. Які не можа здаволіцца тым, што мае; прагны. Ненаедная натура. Ненаеднае горла.
ненажэ́ра, ‑ы, м. і ж.
Разм. Пражэрлівы; заўсёды галодны. З бору ляцяць вароны. Выцягнуўшы шыі, дыбаюць па раллі.. Гэтыя ненажэры могуць выбраць усё зерне. Асіпенка.
ненажэ́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і ненажэрны.
ненажэ́рнасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць ненажэрнага.