незадаво́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Які не атрымаў задавальнення. Незадаволенае жаданне.
2. Які адчувае незадаволенасць чым‑н. Надзя заўважыла, што муж вярнуўся дадому нечым незадаволены, сярдзіты. Чарнышэвіч. Надзьмутыя і незадаволеныя, паліцэйскія падаліся на двор. М. Ткачоў. // Які выражае незадаволенасць. [Скрыпач] іграў, хоць скрыпкі амаль зусім не чуваць было за вулічным гоманам, і кідаў на пешаходаў незадаволеныя, зласлівыя погляды. Галавач.
незада́члівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Такі, якога праследуюць няўдачы; няўдачлівы, нешчаслівы. Незадачлівы камерсант. □ У запісцы значылася: «Усё абрыдла.. У маёй смерці нікога не вінавачу. Прымі ж, родны Дняпро, у сваё прадонне незадачлівага твайго сына». Колас.
незадо́ўга, прысл. (ужываецца звычайна з прыназоўнікамі «да» і «перад»).
Не за многа часу да чаго‑н., перад чым‑н. Незадоўга да сёмай гадавіны рэвалюцыі сабралася заборцаўская моладзь у школе. Колас. Маці.. кінула ў жаўтуху, і яна незадоўга перад вайной аддала богу душу. Дуброўскі.
незайздро́снасць, ‑і, ж.
Уласцівасць незайздроснага (у 2 знач.).
незайздро́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не адчувае зайздрасці да каго‑н. [Кум:] — Я чалавек незайздросны. І нікому ніколі я не зайздросціў. Чорны.
2. Які не выклікае зайздрасці; дрэнны, няважны. Незайздросны лёс. Незайздроснае становішча. □ Надзя.. ледзь стрымлівала сябе, каб не зарагатаць на ўвесь вагон над незайздроснымі прыгодамі новаспечанага камерсанта. Лынькоў. Стараста акінуў вачыма нашу незайздросную старую хату з акенцамі. Якімовіч.
незаканаме́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць незаканамернага; адсутнасць заканамернасці.
незаканаме́рны, ‑ая, ‑ае.
Які адбываецца выпадкова, не ў адпаведнасці з законам. Незаканамерныя з’явы.
незаконнанаро́джаны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Народжаны ад бацькоў, якія не былі ў афіцыйным шлюбе; пазашлюбны. Незаконнанароджанае дзіця. / у знач. наз. незаконнанаро́джаны, ‑ага, м.; незаконнанаро́джаная, ‑ай, ж. Манро, — гаворыцца ў .. [нарысе], — дзіця кахання, незаконнанароджаная. Новікаў.
незако́нны, ‑ая, ‑ае.
Які супярэчыць закону, парушае закон; недазволены. [Гушка:] — Ад імя Савета рабочых, .. сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў абвяшчаю гэты кангрэс незаконным і скончаным. Чорны. — Што гэта такое? — абурылася Эмілія. — Аддайце сшытак! — Не маеце права! — Загулі навокал. — Тут ніхто нічога незаконнага не рабіў. Маўр. // Не аформлены юрыдычна. Незаконны шлюб. // Уст. Незаконнанароджаны, народжаны па-за шлюбам. Незаконны сын.