недаацэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. недаацаніць.
недаацэ́ньвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да недаацэньваць.
недаацэ́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да недаацаніць.
недаба́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Дрэнна бачыць, мець слабы зрок. [Чыгуначнік:] — Эх, якім токарам быў Баталевіч! А цяпер на пенсіі, бо недабачваць стаў. Васілёнак.
недаба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак. і незак.
1. зак., чаго і без дап. Не заўважыць чаго‑н., назіраючы за кім‑, чым‑н. Недабачыць істотнага.
2. незак. Тое, што і недабачваць. [Сузан:] — Я крыху слабы на вочы, недабачу... Пакажыце бліжэй. Лынькоў.
недабіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да недабраць.
недабі́ткі, ‑аў; адз. недабітак, ‑тка, м.
Разм. Рэшткі чаго‑н. (часцей за ўсё — арміі, банды, групоўкі і пад.). Недабіткі фашысцкай аховы адыходзяць пад напорам сілы. Брыль. Слухайце вы, Недабіткі пыхлівыя, Вось мой рахунак, Бязмерная крыўды цана: Тысячы добрых сяброў маіх выйшлі б на нівы, Калі б не вы і не ваша вайна. Кірэенка.
недабі́ты, ‑ая, ‑ае.
Ранены, прыбіты не да смерці. Недабітая птушка. // перан. Не знішчаны поўнасцю пасля разгрому, паражэння. Пакідаючы за сабой недабітыя варожыя часці, .. нашы рухаліся ўперад і ўперад. Шахавец.
недабо́р, ‑у, м.
Няпоўны збор, набор каго‑, чаго‑н.; недабраная колькасць каго‑, чаго‑н. [Данілевіч] ведаў, як цяжка перажывала Мар’яка ў мінулым годзе недабор сямідзесяці цэнтнераў бульбы з гектара. Стаховіч.
недабра́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад недабраць.