невінава́ты, ‑ая, ‑ае.
Які не мае за сабой віны; які не мае дачынення да злачынства. Суд, які слухаў справу Засуліч, прызнаў яе невінаватай і вынес апраўдальны прыгавор. Мехаў.
не́вук, ‑а, м.
Неадукаваны, недасведчаны чалавек. Ніякага рэальнага зместу не ўкладаў Пракоп у.. слова [самакрытыка]. Ён моўчкі глядзеў на Міколу, баючыся паказацца невукам. Колас. Я вырашыў даканаць невука і кароценька выклаў сутнасць свайго назірання. Прокша.
не́вуцкі, ‑ая, ‑ае.
Які ўласцівы невукам, неадукаваным людзям. Тлумачэнні і заўвагі [гіда] былі амаль заўсёды банальныя і блытаныя, а часам проста недарэчныя і невуцкія. В. Вольскі.
не́вуцтва, ‑а, н.
Адсутнасць ведаў, неадукаванасць, недасведчанасць у чым‑н. [Антаніна Аркадзеўна:] — Божа мой, якое дрымучае невуцтва! Дваццаць гадоў вучыць дзяцей і не ведаць, дзе востраў Калімантан. Шамякін. [Шэмет:] — Судзяць не Дубалеку, а непаваротлівасць, абыякавасць, .. бязволле, марудлівасць, невуцтва — вось што судзяць. Лобан.
невыго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. пераважна мн. (невыго́ды, ‑аў). Адсутнасць выгодаў. Невыгоды кватэры.
2. Разм. Нягода, непрыемнасць; цяжкае становішча. Невыгоды жыцця. □ Міша, у сваю чаргу, думаў, што горшае яшчэ наперадзе і што ў дадатак да ўсёй невыгоды насоўваецца ноч. Пестрак. Не так шкода, як невыгода. Прыказка.
невыго́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае выгодаў, дрэнна прыстасаваны для чаго‑н. Невыгоднае размяшчэнне пакояў у кватэры.
2. Неспрыяльны, нязручны, непрыемны. [Люба] не разумела, што такімі разважаннямі аб рабоце ставіць сябе ў вельмі невыгоднае становішча перад гэтым.. сумленным хлопцам. Шамякін. Зелянюк відавочна замяшаўся, і гэта яго замяшанне вылілася ў цяжкую, невыгодную для яго паўзу. Зарэцкі.
невыдаткава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які застаўся не патрачаным, не выкарыстаным на што‑н. Невыдаткаваныя грошы. □ [Іван:] — Бацька вучыў мяне жыць так: каб хлеб заходзіў за хлеб, сала — за сала, а зароблены рубель клаўся на невыдаткаваны... Пальчэўскі.
невыда́тны, ‑ая, ‑ае.
Які нічым не вылучаецца сярод іншых; непрыкметны. Невыдатны чалавек.
невыка́зна, прысл.
Вельмі, надзвычай. Лёгкім, невыказна прыгожым рухам алень пераскочыў цераз тоўсты ствол паваленага дрэва і знік, нібы здань, у зялёным гушчары. В. Вольскі. Светлае і невыказна радаснае пачуццё запоўніла душу Віктара. Шчарбатаў.