неабвярга́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неабвяргальнага.
неабвярга́льны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і неабвержны. Экспедыцыя павінна была быць неабвяргальным доказам яго, Гунава, вопыту і ўмельства. Самуйлёнак.
неабгрунтава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць неабгрунтаванага. Неабгрунтаванасць дамаганняў.
неабгрунтава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае дастатковага абгрунтавання, неабходных падстаў, доказаў. Неабгрунтаваная заява. Неабгрунтаваныя падазрэнні. □ Мініч стаяў задаволены і горды. Вучням стала няёмка за пусты і неабгрунтаваны смех са свайго таварыша. Колас.
неабду́манасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неабдуманага.
неабду́маны, ‑ая, ‑ае.
Зроблены, прыняты без абдумвання. Неабдуманы ўчынак. Неабдуманае рашэнне. □ Кашын ужо яўна выклікаў гаспадароў на неабдуманае слова, на скандал. Карпаў.
неабды́мны, ‑ая, ‑ае.
Вялізны памерамі; бязмежны, бяскрайні. Сусвет неабдымны Ловіць кожнае слова Крамля. Вітка. Усё заззяла, і прасторы сталі неабдымнымі. Чорны. Грузавік крануўся і мякка пакаціўся па дарозе сярод неабдымнага мора жыта. Лупсякоў. // Надзвычайны па сіле, ступені праяўлення. Жыццё ішло, поўнае сваёй глыбокай і неабдымнай чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. Паўночныя нашыя шыры, Тайгі неабдымны спакой Змяняў на падманшчыцу-ліру, На ўтульны і ціхі пакой?! Звонак.
неаб’е́зджаны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, на якім яшчэ не ездзілі; не прывучаны да язды (пра коней).
2. Такі, на якім мала ездзілі (пра сані, калёсы і пад.), неабкатаны. Неаб’езджаны вазок.
3. Такі, па якім зусім або даўно не ездзілі (пра дарогу).
неаб’екты́ўнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць неаб’ектыўнага. Неаб’ектыўнасць заўваг.
2. Неаб’ектыўныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Такіх апавяданняў, у якіх наглядаецца празмерная трагічнасць, што вядзе да неаб’ектыўнасці і скажэння рэальнага жыцця, у Змітрака Бядулі адно-два. Каваленка. [Удалаў:] — Ты мяне абзінавачваеш у неаб’ектыўнасці. Гурскі.