кіргі́зскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Кіргізіі, кіргізаў, належыць ім. Кіргізскі стэп. Кіргізская мова.
кіргі́зы, ‑аў; адз. кіргіз, ‑а, м.; кіргізка, ‑і, ДМ ‑зцы; мн. кіргізкі, ‑зак; ж.
Народ, які складае карэннае насельніцтва Кіргізскай ССР.
кі́рза, ‑ы, ж.
Заменнік скуры: насычаная спецыяльным хімічным рэчывам шматслойная баваўняная тканіна з кручаных нітак.
[Ням. Kirser ад англ. kersey.]
кі́рзавы, ‑ая, ‑ае.
Пашыты з кірзы. Кірзавыя боты. Кірзавая сумка.
кі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Ручная прылада ў выглядзе прадаўгаватага завостранага малатка для драблення цвёрдай пароды або лёду. Салдаты з чыгуначнага батальёна кіркамі і ламамі сколвалі лёд пад каламі. Лынькоў. Мы дзяўблі кіркамі і капалі рыдлёўкамі зямлю. Чорны.
кірказо́н, ‑у, м.
Шматгадовая травяністая расліна або дрэвападобная ліяна сямейства кірказонавых з сэрцападобным лісцем.
кірказо́навы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да кірказону. Кірказонавае лісце.
2. у знач. наз. кірказо́навыя, ‑ых. Сямейства двухдольных шматгадовых травяністых і павойных дрэвавых раслін, пашыраных у трапічных і ўмераных паясах зямнога шара.
кірма́ш, ‑у, м.
1. Продаж тавараў, які праводзіцца ў пэўную пару года ў вызначаным месцы і часта звязаны з выстаўкай. Вясенні Лейпцыгскі кірмаш. □ На кірмашы будуць дэманстравацца цэнтрабежны землясос, кукурузаўборачны камбайн, трактар «МТЗ‑5 МС». «Звязда». // Вялікі святочны базар, звычайна з народным гуляннем. З ранку праз пераезд грукалі фурманкі з далёкіх сёл, кіруючыся, ў мястэчка, на нядзельны кірмаш; ішлі пешыя, несучы, хто што мае, на продаж. Навуменка. На шырокім на Мядзельскім рынку Падрывалася хрыпла катрынка — Пачынаўся вясенні кірмаш. Танк.
2. перан. Разм. Пра шумнае, ажыўленае зборышча людзей. Хлопцы не заўважылі, як з настаўніцкага пакоя ўвайшла ў клас і апынулася ў самым кірмашы іх выхавацелька. Брыль.
3. Уст. Прастольнае свята пры царкве, касцёле, манастыры. Кожны год на Міколу манастыр наладжваў кірмаш. З усяго наваколля туды з’язджаліся паны, купцы, мяшчане .. На хорах спявалі суровыя манахі. Асіпенка.
•••
Не на кірмаш, а з кірмашу хто — пра таго, чые справы ідуць у горшы бок.
[Ням. Kirmes з Kirchmesse.]