Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

збяле́лы, ‑ая, ‑ае.

Які збялеў, стаў белым. Поле вымерла, стыў збялелы ад інею лазняк у абочынах. Пташнікаў. На пасцелі ляжаў збялелы, як палатно, чалавек. Новікаў.

збяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць белым; пабялець. Пазняк збялеў. Усе, убачыўшы яго твар, адразу сціхлі. Дуброўскі. То збялее хлопец, як папера, то зальецца чырванню. Ваданосаў.

збянтэ́жанасць, ‑і, ж.

Стан збянтэжаная. Дзед пастараўся прыняць самую пацешную постаць перапалоханага чалавека. Такая перапалоханасць і дзедава збянтэжанасць развесяліла легіянераў. Колас.

збянтэ́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад збянтэжыць.

2. у знач. прым. Разгублены, атарапелы. І дзівіўся замежны збянтэжаны пан: нечуваная сіла ў рабочых, сялян! Дубоўка. // Які выражае разгубленасць, атарапеласць. Збянтэжаны выгляд. Збянтэжаны твар.

збянтэ́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Прыйсці ў замяшанне; разгубіцца, атарапець. Лабановіч трохі збянтэжыўся. Само слова «Ядвіся» балюча адгукнулася ў сэрцы, і назіральны Турсевіч гэта заўважыў. Колас. Каваль, убачыўшы гэтага чалавека ля жорнаў, спачатку на момант збянтэжыўся, збялеў і закалаціўся. Чорны.

збянтэ́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго.

Выклікаць у каго‑н. замяшанне, разгубленасць. Нечаканасць Юрасёвых пытанняў зусім збянтэжыла дзяўчыну. Гарбук. Апоўначы выбух адкінуў вароты, збянтэжыў сваёй нечаканасцю варту. Дубоўка.