збуцве́ць, ‑ее; зак.
Гніючы, ператварыцца ў парахню; сапрэць, струхлець. Зробленыя з альховых ці бярозавых плашак, .. [буданы] за тры гады збуцвелі, зараслі крапівай і хмызняком. Шчарбатаў.
збуя́лы, ‑ая, ‑ае.
Які збуяў, пышна разросся (пра расліны). За высокім, месцамі, пэўна, збуялым каліўем бульбы з вуліцы амаль не відна тая лазенька, у якой перажыў акупацыю стары Банэдык. Кулакоўскі.
збуя́ць, ‑яе; зак.
Пышна разрасціся націннем на шкоду плоданашэнню. Збуяла бульба. Гарох збуяў. □ Здаецца, калі глядзіш на гэты пагорак сярод балота, то і зямля — плямамі: то блакітная — дзе дурніцы, то чырвона-белая — гэта дзе збуяў і разросся бруснічнік. Пташнікаў.