Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дыбка́, прысл.

На заднія ногі (станавіцца, узнімацца), на задніх нагах (стаяць і пад.). [Жарабок] не знаходзіў месца на шырокім дварышчы, станавіўся дыбка, вытанцоўваў. Чарнышэвіч. Стаіць пад яблыняй [козлік] дыбка і [на]пінаецца, каб дастаць на галінцы лісток. Брыль.

дыбкі́,

У выразе: на дыбкі — а) на заднія ногі (стаць, падняцца і пад.). Конь, пужаючыся незразумелай яму мітусні і музыкі, шарахаўся ў натоўп, станавіўся на дыбкі. Васілевіч. Здаравенны дварняк, бразгаючы ланцугом, падняўся на дыбкі, злосна забрахаў. Хомчанка; б) прама ўверх, дыбам. Зямля скаланулася. Гэта Таня ўзарвала шнурам міну. Паравоз стаў на дыбкі і паляцеў пад адхон. Новікаў; в) перан. рэзка запратэставаць, выказаць нязгоду. [Каб] Сяргей перапрасіў, дык усё і абышлося б, але той стаў на дыбкі і пачаў адмаўляць сваю віну. Сабаленка.

дыбы́,

У выразе: на дыбы — тое, што і на дыбкі (гл. дыбкі). Хлопец ад нечаканасці так тузануў закілзанага каня, што ён узняўся на дыбы. П. Ткачоў. Вялізны вогненны слуп паставіў паравоз на дыбы, залязгалі, затрашчалі вагоны. Шчарбатаў. Мікола ўсё нешта станавіўся на дыбы, гарачыўся, а потым здаўся. Нікановіч.

дыва́н 1, ‑а, м.

Тканы, звычайна варсісты ўзорчаты выраб для ўпрыгожвання сцен, высцілання падлогі і пад. На сцяне вісеў вельмі дарагі дыван з цудоўна вытканым альпійскім краявідам. Даніленка. Падлогу ўсцілаў мяккі дыван. Арабей. // перан.; чаго або які. Пра тое, што падрывае зямлю суцэльным слоем. Усю зямлю навокал засцілаў густы дыван невысокай мяккай травы. Шахавец. Выйшаў на прасторы — снежны лёг дыван, Засцілае сонца шэранню туман. Хведаровіч.

дыва́н 2, ‑а, м.

1. Савет вышэйшых саноўнікаў пры султане ў ранейшай Турцыі.

2. Урадавыя ўстановы па адміністрацыйных і судовых справах у некаторых сучасных краінах мусульманскага Усходу.

3. Назва зборніка лірычных вершаў ва ўсходніх літаратурах.

[Перс.]

дывано́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дывана ​1. Віцебскі дывановы камбінат. Дывановая вытворчасць. // Які з’яўляецца дываном ​1. Дывановая дарожка.

2. Падобны да дывана па выгляду, якасці. Дывановая тканіна.

дыва́ншчык, ‑а, м.

Майстар па вырабу дываноў.

дыва́ншчыца, ‑ы, ж.

Жан. да дываншчык.

дыверге́нцыя, ‑і, ж.

Спец. Разыходжанне, расчапленне.

[Ад лац. divergium.]

дыверса́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто праводзіць дыверсію (у 1 знач.), займаецца дыверсіямі.

дыверса́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да дыверсант.