ганаро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які карыстаецца пашанай; пачэсны. Ганаровы госць.
2. Які даецца, прысвойваецца за вялікія заслугі. Ганаровая грамата. Ганаровае званне. // Які выбіраецца ў знак павагі, пашаны. Ганаровы прэзідыум. Ганаровы старшыня. // Які з’яўляецца выражэннем гонару, праводзіцца ў знак павагі. Ганаровая варта. Ганаровы прыём.
3. Які робіць гонар каму‑н. Ганаровае прызначэнне. Ганаровы абавязак. Ганаровая смерць. // Які не парушае годнасці каго‑, чаго‑н. Ганаровы мір.
ганары́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць ганарыстага; пагардлівасць, фанабэрыстасць, самаўпэўненасць. Маёру ўспомнілася, як на нядаўнім партыйным сходзе гэтыя ж самыя работнікі бязлітасна і жорстка крытыкавалі капітана за задавацтва, ганарыстасць. Асіпенка.
ганары́сты, ‑ая, ‑ае.
Які пагардліва ставіцца да людзей, лічыць сябе лепшым за іншых; фанабэрысты, самаўпэўнены. Ехалі ўладары багаццяў, біржавікі-спекулянты, іх слугі — гвардзейцы і ўрадавыя чыноўнікі, іх каханкі — ганарыстыя выпеставаныя арыстакраткі. Самуйлёнак. Рыгорка — хлопчык здольны і вельмі ганарысты. Колас. // Які выражае пагарду. Ганарыстая, з’едлівая ўсмешачка перасмыкнула яе [Чэсі] румяныя вусны. Брыль.
ганары́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. кім-чым і са злучн. «што». Усведамляць, адчуваць гонар (у 2 знач.). Адным заўсёды ганаруся, Што я — савецкі чалавек. Астрэйка. Ганаруся нашым часам, З кожным днём мацнеюць справы — Ёсць у нас цяпер калгасы, У якіх нямала славы. Броўка.
2. Быць ганарыстым; задавацца, выхваляцца.
ганарэ́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ганарэі, выклікаецца ганарэяй. Ганарэйнае захворванне. Ганарэйныя выдзяленні.
ганарэ́я, ‑і, ж.
Венерычная хвароба — гнойнае запаленне мочаспускальнага канала, якое выклікаецца ганакокам; трыпер.
[Грэч. gónos — семя і rhéō — цяку.]
га́начны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ганка. Ганачныя слупкі.
га́нглій, ‑я, м.
Скопішча нервовых клетак, нервовых вузлоў.
[Ад грэч. ganglíon — вузел.]
гангрэ́на, ‑ы, ж.
Амярцвенне якога‑н. участка біялагічнай тканкі, органа або часткі цела ў выніку парушэння кровазвароту.
•••
Газавая гангрэна — цяжкае захворванне, якое выклікаецца заражэннем раны анаэробнымі бактэрыямі і пры якім распад тканак суправаджаецца ўтварэннем у іх газаў.
[Грэч. gángraina.]