варажэ́нне, ‑я, н.
Тое, што і варажба. Святкі ішлі далей: у танцах, пераапрананнях, варажэннях, у палёце санак, ахутаных вясёлкавым снежным пылам. Караткевіч.
вараку́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Сінягорлая птушка атрада вераб’іных, сустракаецца ў невялікай колькасці пераважна ў сырых месцах, зарослых хмызняком або дробным лісцевым лесам.
вара́н, ‑а, м.
Род буйных яшчарак, якія водзяцца ў паўднёвых краінах.
варане́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вараніць.
2. Слой вокіслу, утвораны на паверхні металічнага прадмета шляхам награвання або хімічнай апрацоўкі.
варане́ц, ‑нцу, м.
Ядавітая травяністая расліна сямейства казяльцовых з чырвонымі або чорнымі ягадамі.
варанёны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад вараніць.
2. у знач. прым. Пакрыты слоем варанення (у 2 знач.). Толя сядзіць на носе чайкі і на ўзбраенні яго — доўгі лёгенькі шост і «іжаўка» дзядзькі Антося, якая ляжыць на брызенце плашч-палаткі, прыемна пабліскваючы варанёнай сталлю ствалоў. Брыль.
варані́ць, ‑раню, ‑роніш, ‑раніць; незак., што.
Утвараць на паверхні металічных прадметаў (сталі, чыгуну) тонкі слой вокіслу чорнага, цёмна-сіняга або карычневага колеру; чарніць.
вараннё, ‑я, н., зб.
1. Чарада варон. Над свежай раллёй каркала і круцілася, ходзячы за плугамі, вараннё. Краўчанка.
2. перан. Разм. Пра зайздросных, прагных людзей, якія імкнуцца пажывіцца чужым дабром. Тут папаўся раннім ранкам Партызан Камінскі. Незлічона паляцела Варання ліхога. Хведаровіч.
варано́к, ‑нка, м.
Від ластаўкі. У гарадской ластаўкі, варанка, хвост такой жа формы, як і ў беражанкі, а грудка, брушка і шыя зусім белыя. В. Вольскі.
ва́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад варыць.
2. у знач. прым. Прыгатаваны пры дапамозе варкі. Вараная бульба. □ На ўсю хату запахла варанай капустай. Ваданосаў.
3. у знач. наз. ва́ранае, ‑ага, н. Тое, што зварана для яды. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. На сталах былі навалены цэлыя горы рознага смажанага, варанага і печанага. Бядуля.
•••
Ні печаны ні вараны гл. печаны.
вараны́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Чорны (звычайна пра масць коней). Спацелы вараны стаеннік нервова грыз цуглі. Шамякін.
2. у знач. наз. вараны́, ‑ога, м. Конь такой масці. А калі ў ясны поўдзень Не вярнуся зноў, З поля бітвы сцежку знойдзе Вараны дамоў. Танк.
•••
Пракаціць на вараных гл. пракаціць.