Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вака́нтны, ‑ая, ‑ае.

Свабодны, нікім не заняты. Вакантная пасада.

вака́цыі, ‑ый; адз. няма.

Уст. Канікулы. Загорская сямігодка была распушчана на два тыдні зімовых вакацый. Колас.

[Фр. vacatio з лац.]

вакацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да вакацый. Вакацыйны час.

вакза́л, ‑а, м.

Будынак для пасажыраў на чыгуначнай станцыі, прыстані і пад. Чыгуначны вакзал. Марскі вакзал. // Разм. Пасажырская чыгуначная або параходная станцыя. Задорна пераклікаліся гудкі паравозаў на вакзале, на таварнай станцыі. Лынькоў. З вакзала або з далёкай ускраіны даносіцца.. свіст паравоза. Брыль.

вакза́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вакзала. Вакзальны будынак. Вакзальны кіёск. // Уласцівы вакзалу. Вакзальная сумятня характэрна звычайна для ўсіх чыгунак свету. Лынькоў.

вако́л,

1. прысл. Кругом, навокал. Вакол ляжала маўклівае пустое поле. Колас.

2. прыназ. з Р. Кругом чаго‑н. Вакол старога графскага саду і парку шуміць калгасная збажына. Брыль.

вако́ліца, ‑ы, ж.

1. Ускраіна населенага пункта. [Бацька:] — Вазьму я цябе за руку, выведу за нашу ваколіцу ды пакажу той шлях, якім ты пойдзеш. Каваль. Выйшаў раннем за ваколіцу, і пацягнула мяне ў недалёкі лясок, пад раку, у тыя мясціны, дзе некалі праходзіла маё пастушынае маленства. Кулакоўскі.

2. Тое, што размешчана вакол населенага пункта; наваколле. За Лядамі — Ямнае, Градкі,.. Зарэчча — бліжэйшыя вёскі ваколіцы. Брыль.

вако́лічны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў ваколіцы, у наваколлі. Чуткі пра бандытаў паплылі па ўсіх ваколічных вёсках. Чарнышэвіч. Тое, што трывожыла ў гэты час Мікіту, займала.. усіх ваколічных сялян. Галавач.

вако́лле, ‑я, н.

Разм. Мясцовасць, прастора вакол чаго‑н.; наваколле. Лажыўся на зямлю вечар і засцілаў цеменню ўсё ваколле. Каваль.

вако́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны наўкола. Вакольныя нівы. □ Адсюль добра відны вакольныя вёскі, зялёныя палі з лугамі, лес за сялом. Каваль.

2. Які ляжыць у баку ад самага кароткага шляху, кружны. Ехаць вакольнай дарогай. □ [Мужчыны] выйшлі на Жукаву вуліцу, каб абагнуць рынак і вакольным шляхам спусціцца на Лог. Гартны.

3. у знач. наз. вако́льнае, ‑ага, н. Навакольнае асяроддзе. У некаторых апавяданнях наглядаецца чулае, індывідуальнае ўспрыманне ўсяго вакольнага. Чорны.