Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ва́жнасць, ‑і, ж.

1. Значнасць, вялікае значэнне. Набліжалася першая гадзіна ночы, а трэба было яшчэ знайсці сваіх памочнікаў і растлумачыць ім усю важнасць загаду каменданта. Дамашэвіч. Беларускія паэты ўсведамлялі ўсю важнасць задач эпічнага паказу падзей рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Перкін.

2. Велічнасць, саліднасць; фанабэрыстасць. Важнасць, якую.. [Сініцын] набыў, займаючы ў свой час розныя.. пасады, цудоўна спалучалася ў ім з абыякавасцю, якую ён чорт ведае, дзе ўзяў. Шахавец. Абодва сакратары селі недзе ззаду, каб не дэманстраваць сваёй начальніцкай важнасці. Ермаловіч. Магло б некаму здацца, што справа ідзе пра нешта вельмі складанае, у чым найбольш разумее стары пастух Лукаш Саёнак, — столькі важнасці было ў яго голасе. Брыль.

•••

(Не) вялікая важнасць — нічога асаблівага.

важне́цкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Вельмі добры, выдатны; важны (у 3 знач.). Футбольная пляцоўка тут будзе важнецкая: месца такое, што і раўняць не трэба. Даніленка. — Хадзі, Ганька, — кліча ён [дзядзька] з кухні, — паглядзі, якія важнецкія туфлі ў цябе будуць. Васілевіч.

2. Важны (у 2 знач.). Ужо ў разгары быў даклад, Як шась асёл. І ў першы рад З важнецкім выглядам падаўся. Бачыла. І шэрая світка зусім ні пры чым, — У дзеда важнецкі інспектарскі чын. Крапіва.

ва́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Прымаць паважны выгляд; фанабэрыцца.

ва́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікае значэнне; рашаючы. Важная справа. Важная галіна народнай гаспадаркі. □ Над роднаю савецкаю зямлёю Выконваеш ты [Мікалай Гастэла] важнае заданне. Аўрамчык. // Звязаны з уладай, уплывовы. Займаць важную пасаду. □ Па ромбу на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір. Лынькоў.

2. Велічны, паважны, з пачуццём уласнай годнасці; фанабэрысты. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. Колас. Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі. Брыль. Важны, надзьмуты Гунава павольна абышоў стол. Самуйлёнак.

3. Разм. Добрай якасці; выдатны. Важнае сукно.

4. у знач. наз. ва́жнае, ‑ага, н. Тое, што мае вялікае значэнне. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і патрэбнае. Чорны.

ва́жысты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і вагавіты.

ва́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

1. Вызначаць сваю вагу шляхам узважвання.

2. Разм. Праяўляць жаданне, намервацца зрабіць што‑н. Былі моманты, калі Саўка важыўся вярнуцца назад, каб расказаць Цімоху ўсю праўду. Колас.

3. Абл. Адважвацца, асмельвацца. [Марына Паўлаўна] заўважыла, што стары хоча запытаць нешта, ды не важыцца. Зарэцкі.

4. Зал. да важыць (у 1 знач.).

ва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. каго-што. Вызначаць вагу; узважваць. Там.. [Толя] моўчкі важыў мяхі, браў мерку, высыпаў збожжа ў скрыню, рабіў запісы ў кнізе. Брыль.

2. Мець пэўную вагу. Важыў.. [зубр] больш за тысячу кілаграмаў, але быў, нягледзячы на сваю масіўнасць, вельмі шпаркі і спрытны ў руху. В. Вольскі.

3. Абл. Наважвацца, намервацца. Глядзіць — прывезлі тры цыстэрны, Шэсць грузавых, відаць, снарады. Што важыць вораг крыважэрны? Колас.