важны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікае значэнне; рашаючы. Важная справа. Важная галіна народнай гаспадаркі. ▪ Над роднаю савецкаю зямлёю Выконваеш ты [Мікалай Гастэла] важнае заданне. Аўрамчык. // Звязаны з уладай, уплывовы. Займаць важную пасаду. ▪ Па ромбу на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір. Лынькоў.
2. Велічны, паважны, з пачуццём уласнай годнасці; фанабэрысты. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. Колас. Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі. Брыль. Важны, надзьмуты Гунава павольна абышоў стол. Самуйлёнак.
3. Разм. Добрай якасці; выдатны. Важнае сукно.
4. у знач. наз. важнае, ‑ага, н. Тое, што мае вялікае значэнне. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і патрэбнае. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)