Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вагану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Разм. Аднакр. да вагаць.

вага́р, ‑а, м.

1. Рычаг для рэгулявання чаго‑н. або кіравання чым‑н. Вагар кіравання. Вагар руля.

2. перан. Сродак для ажыццяўлення якой‑н. дзейнасці. Друкаваная і вусная прапаганда — важнейшы вагар камуністычнага выхавання народа. «Беларусь».

вагаўшчы́к, ‑а, м.

Той, хто займаецца ўзважваннем або наглядае за ўзважваннем. Прыземісты вагаўшчык дакладна заносіў у сшытак колькасць узважаных скрыняў. Стаховіч.

вагаўшчы́ца, ‑ы, ж.

Жан. да вагаўшчык.

вага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мерна гайдацца з боку ў бок або зверху ўніз. Маятнік вагаўся важна, без звыклага цікання. Карпаў. Чайная была амаль пустая, толькі ў кутку, дзе вагалася, зачапіўшыся за рагаты фікус, доўгая фіранка, сядзела некалькі наведвальнікаў. Савіцкі. Дзверы віселі на адной завесе, падлога вагалася. Асіпенка.

2. перан. Быць у нерашучасці, адчуваць няўпэўненасць; сумнявацца. [Лабановіч] пэўны час вагаецца, але даволі хутка знаходзіць выхад у збліжэнні з перадавым сялянствам. Пшыркоў. [Георгій], відаць, вагаўся — хацелася ўбачыць бацьку, асабліва цяпер, калі ён стаяў побач, за дзвярыма, калі быў чуваць яго голас. Мележ.

3. перан. Быць няўстойлівым, хісткім, непастаянным; мяняцца. Вышыня сцябла розных сартоў кукурузы вагаецца ў межах ад 0,5 да 4,5 метра і вышэй.

вага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Мерна разгойдваць што‑н. зверху ўніз або з боку ў бок. Мікалай трымаў у горне лямех, высокі пажылы мужчына вагаў рычаг ад мяха. Чарнышэвіч.

вагкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. У якім адчуваецца вільгаць; макраваты. [Васіль і Янук] павольна крочаць па вагкаватай гравійцы. Кулакоўскі.

ваго́н, ‑а, м.

Транспартны сродак, прызначаны для перавозкі пасажыраў і грузаў па рэйкавых дарогах. Трамвайны вагон. Пасажырскі вагон. // чаго. Колькасць грузу, якая змяшчаецца ў ім. Вагон збожжа, дроў.

•••

Мяккі вагон — пасажырскі вагон з мяккімі сядзеннямі.

Цвёрды вагон — пасажырскі вагон з цвёрдымі сядзеннямі.

[Англ. wag(g)on.]

вагона...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на прыналежнасць або адносіны да вагона, напрыклад: вагонабудаўнічы, вагонарамонтны.

вагонабудава́нне, ‑я, н.

Галіна транспартнага машынабудавання па вытворчасці вагонаў.