вагацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мерна гайдацца з боку ў бок або зверху ўніз. Маятнік вагаўся важна, без звыклага цікання. Карпаў. Чайная была амаль пустая, толькі ў кутку, дзе вагалася, зачапіўшыся за рагаты фікус, доўгая фіранка, сядзела некалькі наведвальнікаў. Савіцкі. Дзверы віселі на адной завесе, падлога вагалася. Асіпенка.

2. перан. Быць у нерашучасці, адчуваць няўпэўненасць; сумнявацца. [Лабановіч] пэўны час вагаецца, але даволі хутка знаходзіць выхад у збліжэнні з перадавым сялянствам. Пшыркоў. [Георгій], відаць, вагаўся — хацелася ўбачыць бацьку, асабліва цяпер, калі ён стаяў побач, за дзвярыма, калі быў чуваць яго голас. Мележ.

3. перан. Быць няўстойлівым, хісткім, непастаянным; мяняцца. Вышыня сцябла розных сартоў кукурузы вагаецца ў межах ад 0,5 да 4,5 метра і вышэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)